БЕЛ Ł РУС

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе

27.09.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Калі б межы Мінска пашырылі, уключыўшы туды некаторыя населеныя пункты раёна, дзе фактычна жывуць тыя, хто жыве і адпачывае ў сталіцы, статыстыка выглядала б інакш.

Новая Баравая. Фота: «Наша Ніва»

Насельніцтва Мінска скарацілася, а што з раёнам?

Пік жыхароў Мінска, паводле Белстата, зафіксавалі 1 студзеня 2020 года. Тады ў сталіцы налічвалася 2 020 600 гараджан. Па стане на 1 студзеня 2025 года ў Мінску жыло 1 996 730 чалавек. Такім чынам, за апошнія пяць гадоў насельніцтва сталіцы скарацілася на 23 900 чалавек.

На гэта маглі паўплываць як пандэмія, так і дзве хвалі эміграцыі. Але, каб карціна выглядала больш поўнай, варта звярнуць увагу на тое, як за гэты ж перыяд змянілася насельніцтва Мінскага раёна.

Ужо больш за дзесяць гадоў вакол горада будуюць буйныя мікрараёны, у тым ліку са шчыльнай шматпавярховай забудовай, якія адносяцца да раёна.

За апошнія 15 гадоў насельніцтва раёна вырасла амаль на 120 тысяч чалавек: з 161 тысячы у 2010‑м да 280 тысяч у 2025-м.

Для параўнання, за папярэднія 14 гадоў (з 1996 па 2010) рост склаў усяго 18 тысяч чалавек: з 143 тысяч у 1996‑м да 161 тысячы ў 2010-м.

Калі браць перыяд апошніх пяць гадоў, то насельніцтва раёна за гэты час павялічылася на 28 тысяч чалавек. Такім чынам, калі ўлічыць змяншэнне насельніцтва ў самім Мінску і прырост у раёне, то атрымаецца, што дэ-факта насельніцтва сталічнай агламерацыі хоць і не моцнымі тэмпамі, але ўсё ж расце (плюс 4200 чалавек).

Асноўны рост ідзе за МКАДам

Колькасць жыхароў у Мінскім раёне перш за ўсё павялічваецца за кошт населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да межаў сталіцы.

Так, напрыклад, насельніцтва вёскі Копішча (раён Новая Баравая) дасягнула 22 тысячы чалавек. Мікрараён працягваюць актыўна забудоўваць, па прыблізных падліках, да 2030 года ў Копішчы будзе жыць больш за 40 тысяч чалавек.

Панарама «Новай Баравой». Скрыншот: newbor.by

У той жа час насельніцтва Заслаўя, які з'яўляецца горадам-спадарожнікам Мінска, але не прымыкае непасрэдна да яго, за апошнія пяць гадоў, наадварот, крыху скарацілася. Калі ў 2020‑м там жылі 17 674 чалавекі, то цяпер — 17 317.

Іншая «вёска» з дзясяткамі тысяч жыхароў — Бараўляны. У 2022 годзе нават хадзілі размовы пра тое, каб аб'яднаць вёску з аграгарадком Лясны, пасёлкам Вопытны і вёскай Ляскоўка ў адзін горад. Па стане на 2022 год у гэтых населеных пунктах жылі больш за 42 тысячы чалавек, і насельніцтва працягвае расці. Тым не менш рабіць з гэтых населеных пунктаў адзіны горад палічылі немэтазгодным.

Зноў пра населеныя пункты, якія бліжэй за ўсё знаходзяцца да мяжы Мінска, актыўна загаварылі ў 2025 годзе.

Днямі стала вядома, ці будуць уключаны ў склад сталіцы Копішча, Вялікае Сціклева, Гатава, Бараўляны і Сеніца. На архітэктурна-горадабудаўнічай радзе падкрэслілі: рашэнні аб пашырэнні межаў прымаюцца толькі па ўзгадненні з Лукашэнкам і пры наяўнасці эканамічнага абгрунтавання для аб'яднання. У выніку ўлады вырашылі не ўключаць іх у межы Мінска.

Лукашэнка — зацяты праціўнік росту насельніцтва сталіцы

За сваю кар'еру Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра тое, што трэба стрымліваць рост насельніцтва Мінска.

Так, напрыклад, у 2011‑м ён ставіў планку 1,8 мільёна жыхароў:

«Трэба арыентавацца на тое, што ў Мінску не павінна пражываць больш за 1,8 мільёна чалавек. Мільён восемсот тысяч чалавек — і не больш. Бо сёння ўжо ні праехаць ні прайсці па Мінску, заўтра — загазаванасць, таўханіна, з усёй рэспублікі збяром у Мінску людзей, і мы перанаселім горад».

ЖК «Мінск Свет». Фота забудоўшчыка

Пазней ён усё ж падняў планку да 2 мільёнаў, дадаўшы, што нельга яе перасягнуць. Пазней палітык яшчэ неаднаразова выказваўся на гэтую тэму.

Фармальна насельніцтва Мінска пасля невялікага скарачэння на працягу апошніх пяці гадоў не пераадольвае вызначаную Лукашэнкам планку ў 2 мільёны жыхароў.

Але з улікам таго, як шмат жылля было пабудавана ў населеных пунктах, якія непасрэдна прылягаюць да горада, у Мінскай агламерацыі жыве больш за 2,1 мільёна чалавек.

Разам з тым адзначым, што дзяржаўная статыстыка можа не ўлічваць поўнай карціны эміграцыі пасля пратэстаў і поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

А што з насельніцтвам у іншых буйных гарадах і прылеглых раёнах

Сярод абласных цэнтраў у трох з пяці назіраецца спад насельніцтва.

У Гомелі па стане на пачатак 2020 года жылі 510 тысячы чалавек і яшчэ 70 тысяч у Гомельскім раёне. Праз пяць гадоў сітуацыя выглядае так: Гомель — 501 тысяча, Гомельскі раён — 69 тысяч.

Агулам у Гомелі і раёне стала на 10 700 жыхароў менш.

У Магілёве па стане на пачатак 2020 года было 357 тысяч жыхароў і яшчэ 42 тысячы ў Магілёўскім раёне. Праз пяць гадоў насельніцтва Магілёва скарацілася да 353 тысячы, а раёна — да 39 тысяч.

Агулам у Магілёве і раёне за пяць гадоў стала на 7100 жыхароў менш.

Віцебск па стане на пачатак 2020 года налічваў 365 тысяч жыхароў, і яшчэ 36 тысяч жылі ў Віцебскім раёне. Праз пяць гадоў насельніцтва Віцебска скарацілася да 359 тысяч чалавек, а раёна — да 34 тысяч (мінус 2 тысячы).

Агулам у Віцебску і раёне за пяць гадоў стала на 7900 жыхароў менш.

Віцебск. Фота: «Наша Ніва»

У двух абласных цэнтрах на захадзе краіны насельніцтва, наадварот, расце

У Гродне па стане на пачатак 2020 года жылі 357 тысяч чалавек, і яшчэ 50 тысяч налічвалася ў Гродзенскім раёне.

Праз пяць гадоў насельніцтва Гродна вырасла да 364 тысячы, а вось у Гродзенскім раёне скарацілася да 48 тысяч.

Агульнае насельніцтва павялічылася на 4900 чалавек.

У Брэсце па стане на пачатак 2020 года жылі 340 тысяч чалавек, і яшчэ, акругляючы, 46 тысяч у Брэсцкім раёне.

Праз пяць гадоў Брэст налічвае ўжо 346 тысяч чалавек, а Брэсцкі раён — тыя самыя 46 тысячы, але з дробным прыростам.

Агулам насельніцтва Брэста і раёна за пяць гадоў вырасла на 6500 чалавек.

Як змянілася насельніцтва ў абласных цэнтрах і іх раёнах у перыяд з 2020 па 2025, паводле даных Белстата

Атрымліваецца, што найбольшы прырост сярод буйных гарадоў і іх раёнаў за апошнія пяць гадоў адбыўся ў Брэсце і Гродне, а не ў Мінску і Мінскім раёне. Калі пералічыць рост насельніцтва ў працэнтных суадносінах, то ў Брэсце і Гродне колькасць жыхароў за апошнюю пяцігодку вырасла непараўнальна больш, чым у сталічным рэгіёне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула