У цэнтры Мінска ёсць школа са стадыёнам на даху
Пасля рэканструкцыі адкрылася адна з найстарэйшых школ Мінска — СШ №4 на Чырвонаармейскай, 11. Як змяніўся гістарычны будынак, расказваюць Мінск-навіны.
Школе №4 на Чырвонаармейскай у наступным годзе споўніцца 120 гадоў. У 1906 годзе гэта была мінская прыватная мужчынская гімназія, а ў 1918 яе рэарганізавалі ў школу № 4. У будынку на вуліцы Чырвонаармейскай чацвёртая школа размяшчаецца з 1936 года.
У ваенны час будынак моцна пацярпеў, засталіся толькі фасадныя сцены. Але пасля вайны яго аднавілі, захаваўшы гістарычны фасад, на якім засталіся дэкаратыўныя элементы — калонны порцік, карнізы, пілястры, капітэлі. А ўнутры з тых часоў захавалася мармуровая лесвіца з металічнымі парэнчамі.
У гэтым навучальным годзе адна з найстарэйшых школ адкрылася пасля рэканструкцыі. Расказваюць, што пры рэканструкцыі дойліды знайшлі нямецкія металічныя бэлькі, датаваныя 1894 годам. Іх пакінулі. Адна з галоўных змен — цяпер у школе з’явіўся эксплуатаваны дах. Падчас рамонту яго ўзмацнілі дадатковымі канструкцыямі — і цяпер там праводзяць урокі фізкультуры.
— І дазволілі нам займацца. Гэта больш чым каштоўнае набыццё, бо ў нашай школы не было ўласнага стадыёна, — расказала журналістам намесніца дырэктара СШ № 4 Кацярына Шахоцька. — На ўрокі фізкультуры дзеці хадзілі ў парк Горкага. Цяпер ёсць бегавая дарожка, пляцоўка для міні-футбола. З’явіліся вулічныя трэнажоры, займацца на якіх можна нават у непагадзь. Яны знаходзяцца ў арцы прыбудовы, там ёсць і тэнісныя сталы.
Яшчэ ў школе ёсць балконы і рэкрэацыі з вялікімі панарамнымі вокнамі. А ў холе — музычная гасцёўня, у якой стаіць раяль.