БЕЛ Ł РУС

Дзяцей па ўсёй Расіі пачалі навучаць дзеянням пры атацы дронаў

25.09.2025 / 15:32

Nashaniva.com

Школы ва ўсіх рэгіёнах Расіі пачалі рыхтаваць да магчымых атакаў беспілотнікаў, паведаміў намеснік кіраўніка Мінасветы Аляксандр Бугаёў.

Ілюстрацыйнае фота: Anton Petrus Getty Images

Паводле яго слоў, навучальным установам разаслалі дакументы, у якіх распісаны алгарытм дзеянняў у выпадку налёту дронаў, піша Moscow Times.

«У нас два разы на год праходзяць усерасійскія вучэнні. Адзін з пытанняў, якія адпрацоўваюцца, — паводзіны і дзеянні і вучняў, і настаўнікаў, і наогул персаналу адукацыйных арганізацый у такіх сітуацыях», — сказаў Бугаёў.

Усерасійскія вучэнні па дзеяннях пры тэрарыстычнай пагрозе для вучняў і супрацоўнікаў школ упершыню правялі ў жніўні 2023 года. Іх арганізавала Мінасветы сумесна з МНС, МУС і Расгвардыяй.

У 2025 годзе такія вучэнні прайшлі ў 88 рэгіёнах Расіі 29 і 30 красавіка, а таксама 28 і 29 жніўня. Па выніках мерапрыемстваў навучальныя ўстановы выкладвалі справаздачы.

Судзячы па прадстаўленых кадрах, сілавікі літаральна інсцэніравалі атакі дронаў і захоп закладнікаў.

У многіх выпадках у адпрацоўцы абарончых дзеянняў удзельнічалі людзі ў камуфляжы і з закрытымі тварамі, якія наводзілі на выхаванцаў агнястрэльную зброю або яе макеты.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула