БЕЛ Ł РУС

Экс-прэм'ер Брытаніі Тоні Блэр прапанаваў сябе на пасаду кіраўніка пераходнага ўрада Газы

26.09.2025 / 10:12

Nashaniva.com

Былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі сэр Тоні Блэр удзельнічае ў перамовах аб тым, каб узначаліць пераходны орган у Газе ў выпадку спынення агню, піша Бі-бі-сі.

Тоні Блэр узначальваў ад Лейбарысцкай партыі ўрад Брытаніі ў 1997‑2007 гадах. Фота: Tong Yu/China News Service/VCG via Getty Images

Блэр вядзе перамовы на высокім узроўні з усімі бакамі па спыненні вайны і будучыні палесцінскай тэрыторыі пасля канфлікту.

У цэнтры апошняй прапановы, якая абмяркоўвалася прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і арабскімі лідарамі на гэтым тыдні ў ААН — ёсць ідэя, каб Газай кіраваў пераходны орган з падтрымкай ААН і фінансавай дапамогай краін Персідскага заліва, перш чым вярнуць кіраванне палесцінскаму боку.

Адной з прапаноў, якая, паводле паведамленняў, атрымала падтрымку ў Вашынгтоне, з’яўляецца прызначэнне сэра Тоні кіраўніком гэтага пераходнага органа, хоць яго офіс заявіў толькі, што ён не падтрымае нічога, што прывядзе да высялення жыхароў Газы.

Блэр прысутнічаў на сустрэчы ў Белым доме з Трампам у жніўні, дзе абмяркоўваліся планы па пасляваенным уладкаванні Газы. Пасланнік ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф апісаў план як «вельмі ўсёабдымны», хоць падрабязнасці сустрэчы не былі раскрытыя.

Былы прэм’ер-міністр працаваў спецыяльным пасланнікам на Блізкім Усходзе ад чацвёркі міжнародных сіл (ЗША, ЕС, Расія і ААН) на працягу некалькіх гадоў пасля сыходу з пасады ў 2007 годзе. Ён засяроджваўся на эканамічным развіцці Палесціны і стварэнні ўмоў для рашэння аб дзвюх дзяржавах.

Як прэм’ер, ён прыняў рашэнне аб удзеле брытанскіх войскаў у Іракскай вайне 2003 года, што было падвергнута моцнай крытыцы падчас афіцыйнага расследавання, якое выявіла, што рашэнне было прынята на падставе недакладнай разведкі і без упэўненасці ў наяўнасці зброі масавага знішчэння.

Паведамленні пра яго магчымы ўдзел у пераходным кіраванні Газай з’явіліся пасля таго, як кіраўнік Палесціны Махмуд Абас заявіў у чацвер, што ён гатовы працаваць з Трампам і іншымі сусветнымі лідарамі для рэалізацыі мірнага плана з дзвюма дзяржавамі.

Абас падкрэсліў сваё непрыняцце будучай кіроўнай ролі ХАМАС у Газе і запатрабаваў раззбраення арганізацыі.

Раней на гэтым тыдні Вялікабрытанія афіцыйна прызнала дзяржаву Палесціна, як і Канада з Аўстраліяй. За імі паследавалі іншыя краіны, у тым ліку Францыя і Данія, у той час як Ізраіль і ЗША раскрытыкавалі гэты крок як узнагароду ХАМАС.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула