Расійскі вайсковы карабель заўважылі каля берагоў Даніі на фоне пралёту дронаў
У Даніі ўжо некалькі дзён фіксуюцца пралёты падазроных дронаў, з-за якіх у Капенгагене і іншых гарадах давялося часова закрываць аэрапорты. Урад назваў гэта «найсур’ёзнейшай атакай на крытычную інфраструктуру».
Карабель «Аляксандр Шабалін». Фота: marine.org.ru
Тым часам дацкая газета Ekstra Bladet заўважыла ў Балтыйскім моры побач з астравамі Лолан і Лангелан буйны расійскі дэсантны карабель «Аляксандр Шабалін». Ён знаходзіўся ўсяго за 12 кіламетраў ад берага і некалькі дзён стаяў з выключаным сігнал-лакатарам. Адлегласць да аэрапортаў і вайсковых аб’ектаў, на якія здзяйсняліся атакі дронамі, — ад 70 да 270 кіламетраў.
Эксперты не выключаюць, што Расія магла выкарыстоўваць карабель як плавучую базу для выпрабавання новай формы гібрыднай вайны, піша Bild.
«Усё паказвае на тое, што мэта гэтых дзеянняў — не напад, а, магчыма, адпрацоўка тэхналогій», — сказаў старшы следчы паліцыі Капенгагена Енс Есперсен.
Прэм’ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен ужо заявіла, што Данія стала ахвярай гібрыдных атак і папярэдзіла, што падобных інцыдэнтаў можа стаць больш.
У Маскве ж традыцыйна ўсё адмаўляюць: прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў абвінавачанні «беcпадстаўнымі», а расійскі пасол у Даніі абвінаваціў Захад у «правакаванні ваеннай канфрантацыі».