Зміцер Ягораў: «Байсол» збіраецца і далей выплачваць па 1000 еўра палітвязням
За тое, што Стрыжак застаецца ў «Байсоле», фонд выключылі з Міжнароднага гуманітарнага фонда. Што гэта значыць?
Зміцер Ягораў. Фота: фэйсбук
Прадстаўнік фонда «Байсол» Зміцер Ягораў кажа, што рашэнне выключыць «Байсол» з Міжнароднага гуманітарнага фонда прымалі беларускія арганізацыі – іншыя ўдзельнікі фонда.
Паводле слоў Ягорава, за апошні год «Байсол» у супрацоўніцтве з МГФ аказаў дапамогу палітвязням на агульную суму каля 400 тысяч еўра. Гаворка пераважна ідзе пра выплаты памерам 1000 еўра на кожнага былога палітвязня, які звяртаўся ў фонд па гэтыя грошы.
І ўсё ж, кажа Ягораў, «Байсол» працягне сваю праграму выплата былым палітвязням:
«Рашэнне Міжнароднага гуманітарнага фонда не азначае, што мы спыняем дапамогу і што людзі перастануць атрымліваць ад «Байсола» аднаразовыя выплаты, па гэтым трэку няма рашэнняў аб змене.
Замарожваецца пілотная праграма па перанавучанні вызваленых, якую «Байсол» паспяхова распачаў. Мы спадзяемся, што гэтая праграма адновіцца, калі знойдуцца сродкі».
Ягораў падкрэслівае, што праграма выплаты былым палітвязням існавала яшчэ да таго, як з'явіўся Міжнародны гуманітарны фонд — праўда, па даных «Нашай Нівы», тады выплачваліся меншыя сумы, каля 300 еўра.
На сёння, паводле слоў прадстаўніка «Байсола», памер выплат і іх хуткасць не змяняюцца, то-бок палітвязням па-ранейшаму абяцаюць па тысячы еўра.
Ягораў прызнае, што з выключэннем з Міжнароднага гуманітарнага фонда «Байсол» нясе вялікія страты:
«Роля грошай Міжнароднага гуманітарнага фонда для «Байсола» была важная, бо гэта істотныя сумы. Але хачу нагадаць, што «Байсол» паспяхова працаваў і аказваў дапамогу яшчэ да таго, як гуманітарны фонд з'явіўся.
Мы не бачым прычын апускаць рукі нават у такіх складаных сітуацыях, лічым, што праца і супрацоўніцтва на карысць пацярпелых ад рэпрэсій мусіць быць прыярытэтам».
Чытайце таксама:
«Байсол» больш не будзе часткай Міжнароднага гуманітарнага фонду
Хто цяпер будзе выплачваць па 1000 еўра палітвязням, якія раней выдаваў «Байсол»? А ніхто і не ведае