Святлана Ціханоўская сустрэлася з легендарным украінскім футбалістам Андрэем Шаўчэнкам
Сустрэча адбылася ў Нью-Ёрку ў рамках уручэння ўзнагароды Atlantic Council Global Awards, дзе былі кіраўнік Міжнароднай федэрацыі футболу Джані Інфанціна, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей.
Фота Дзяніса Кучынскага
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Андрэем Шаўчэнкам — легендарным украінскім футбалістам, уладальнікам Залатога мяча і прэзідэнтам Украінскай асацыяцыі футбола, паведаміў «Нашай Ніве» дарадца дэмакратычнай лідаркі Дзяніс Кучынскі.
Сустрэча адбылася ў Нью-Ёрку ў рамках уручэння ўзнагароды Atlantic Council Global Awards, дзе былі кіраўнік FIFA Джані Інфанціна, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей.
На цырымоніі Святлана Ціханоўская разам з Сяргеем Ціханоўскім і сваімі дарадцамі сустрэлася з Андрэем Шаўчэнкам. Яны правялі некалькі гадзін за адным сталом падчас цырымоніі.
Ціханоўская падзякавала Андрэю Шаўчэнку за прынцыповую пазіцыю і падтрымку Украіны. Яна адзначыла яго дзейнасць як амбасадара дзяржаўнай ініцыятывы UNITED24, якая сабрала мільёны еўра на медыцынскія і гуманітарныя патрэбы, і як пазаштатнага дарадцы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Шаўчэнка адкрыта падкрэслівае, што спорт не можа быць па-за палітыкай, і выступае за тое, каб расійскія і беларускія праўладныя спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў.
Ён арганізаваў разам з футбалістам Аляксандрам Зінчанкам Game4Ukraine у Лондане, сродкі з якога пайшлі на аднаўленне школы ў Чарнігаўскай вобласці, а таксама ўдзельнічае ў дабрачынных аўкцыёнах і праграмах падтрымкі ўкраінскіх дзяцей-бежанцаў.
Андрэй Шаўчэнка і Дзяніс Кучынскі
У размове з Андрэем прадстаўнікі Ціханоўскай таксама падкрэслілі, што ў Беларусі ў 2020 годзе шмат спартоўцаў выступілі супраць дыктатуры, адмовіліся ўдзельнічаць у лукашэнкаўскіх турнірах і паказалі, што спорт не ёсць па-за палітыкай. Таму вельмі важна падтрымліваць і беларускіх спартоўцаў, якія мелі мужнасць адкрыта заявіць пра сваю пазіцыю, адзначыў Дзяніс Кучынскі.