Масіраваная атака дронаў і крылатых ракет па Украіне: ёсць пацярпелыя
Ноччу 28 верасня Расія нанесла масіраваны ракетна-дронавы ўдар па шэрагу ўкраінскіх гарадоў. Пад абстрэлам апынуліся Кіеў, Запарожжа, гарады Кіеўскай вобласці. Паводле паведамленняў украінскіх уладаў, у выніку атак ёсць пацярпелыя і значныя разбурэнні.
У ноч з 27 на 28 верасня расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Украіне з выкарыстаннем беспілотнікаў і крылатых ракет.
На Запарожжы адна з ракет трапіла ў шматпавярховы жылы дом, дзе ўспыхнуў пажар. Паведамляецца пра трох пацярпелых. Таксама разбураны вытворчыя памяшканні аднаго з прадпрыемстваў.
У Кіеве наступствы атак зафіксаваны ў пяці раёнах. У Саломенскім раёне абломкі беспілотніка пашкодзілі пяціпавярховы дом, частка будынка разбурана. У Голасееўскім раёне цалкам разбураны прыватны дом. У Дняпроўскім раёне траплянне адбылося ў дах шматпавярховіка.
У Кіеве паранены пяць чалавек.
Кіеўская вобласць таксама была пад атакай. У Белай Царкве загарэўся дах дзевяціпавярховага дома, пашкоджана шэсць аўтамабіляў.
У Фастаўскім раёне пацярпелі пяць працаўнікоў хлебазавода. Быў пажар.