Ці закрые Польшча зноў мяжу на гэтым тыдні і чаго яна чакае ад Мінска?
Варшава панізіла стаўкі, хоць і намацала слабае месца лукашэнкаўцаў, піша Мікола Бугай.
Чэргі на пераходзе «Варшаўскі мост» на мяжы з Польшчай. Ілюстрацыйнае фота: лета 2025 года
23 верасня прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў пра адкрыццё беларуска-польскай мяжы, але сказаў пры гэтым, што інструмент закрыцця пераходаў «застаецца ў распараджэнні» польскага ўрада і можа быць задзейнічаны зноў, калі «сітуацыя з бяспекай пагоршае». І мяжа сапраўды адкрылася.
Аднак 25 верасня польская амбасада ў Мінску распаўсюдзіла папярэджанне аб «небяспечнасці паездак у Беларусь» для польскіх грамадзян і заклікала іх пакінуць краіну. Аналагічнае папярэджанне гучала перад закрыццём мяжы ў пачатку верасня.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кярвіньскі ў эфіры TVN24 пракаментаваў рашэнне ўрада краіны аб аднаўленні працы памежных пераходаў з Беларуссю, зачыненых 12 верасня.
«Мы казалі, што ў сувязі з вучэннямі «Захад» чакаем розных правакацый, дадатковых правакацый. Мы закрылі гэту мяжу. Калі мы ўбачылі, што праз некалькі дзён пасля заканчэння «Захаду» гэтая сітуацыя нармалізуецца — яна не з'яўляецца бяспечнай на нашай польска-беларускай мяжы — але нармалізуецца, вяртаецца да такога «няпэўнага кансенсусу», калі так можна сказаць, мы прынялі рашэнне адкрыць мяжу», — сказаў ён.
Абвестка польскай амбасады паказвае, што Варшава гатовая зноў закрываць мяжу, калі сутыкнецца з агрэсіўнымі дзеяннямі Мінска.
Чаканні Польшчы ясна сфармуляваныя.
Па-першае, Польшча хоча, каб польскую мяжу перасталі штурмаваць нелегальныя мігранты. Колькасць такіх выпадкаў павінна знізіцца да натуральных велічынь, гэта значыць, блізка да нуля — якім яно было да восені 2021 года.
Статыстыка паказвае, што колькасць інцыдэнтаў на мяжы на кароткі час знізілася да 60—80 за дзень, але пасля зноў вярнулася на ўзровень 100—120 за дзень. Варшава чакае, каб гэтая лічба вярнулася на ўзровень, блізкі да нуля, на якім была чатыры гады назад. Без гэтага нармалізацыі адносін не будзе.
Па-другое, не павінна быць гібрыдных атак іншага тыпу — калі такія будуць, то на іх, як можна зразумець з заяваў Варшавы, можа быць дадзены і сілавы адказ — хоць Польшча раней старанна пазбягала любых сілавых дзеянняў, нават калі на мяжы загінуў польскі вайсковец.
Па-трэцяе, павінны спыніцца адвольныя і абстаўленыя для прапаганды арышты грамадзян Польшчы ў Беларусі — апошнім такім выпадкам была гісторыя манаха-кармеліта Гжэгажа Гавэла.
Па-чацвёртае, Варшава працягвае чакаць вызвалення Андрэя Пачобута і спынення рэпрэсій супраць беларускіх палякаў. Прычым у гэтым пытанні, як і ў іншых, Варшава дае Мінску захаваць аблічча: нават выхад Пачобута пад хатні арышт Польшча вітала б. Здаецца, у адказ на такі крок, напэўна, быў бы адкрыты пераход Баброўнікі—Бераставіца.
Такім чынам, Варшава максімальна панізіла стаўкі, хоць і намацала слабае месца лукашэнкаўцаў. Ад закрыцця мяжы Польшча і Беларусь у абсалютных лічбах страцяць прыкладна аднолькава, але ВУП Польшчы прыкладна ў 12 разоў большы за беларускі, таму ператварэнне Беларусі ў сляпы апендыкс Расіі ўдарыць па беларускай эканоміцы больш адчувальна.
У Польшчы не сумняюцца, што ў выпадку закрыцця мяжы Масква кампенсуе Мінску гэтыя некалькі соцень мільёнаў даляраў, але кожная капейка, вытрачаная на Лукашэнку, змяншае суму, якую Крэмль можа патраціць на ўзбраенні для фронту і змяншае ўдар па Украіне і Еўропе.