Стрыжак усё ж пакідае «Байсол»
«Гэтае рашэнне далося мне нялёгка, але я разумею тую адказнасць, якую нясу за лёс аднаго з ключавых праектаў па дапамозе палітзняволеным і іх сем’ям».
Андрэй Стрыжак. Фота: Сяргей Сацюк
Былы кіраўнік фонду «Байсол» Андрэй Стрыжак паведаміў, што пакідае фонд цалкам.
Пасля скандалу з рассылкай дыкпікаў Стрыжаком, у фондзе пачалі разбіральніцтва. Камісія, запрошаная разглядаць сітуацыю, рэкамендавала фонду спыніць супрацу са Стрыжаком. Стрыжак не пагадзіўся з рашэннем. У «Байсоле» прагаласавалі — большасць супрацоўнікаў выказалася за тое, каб Стрыжак працягнуў працу. Фонд абвясціў, што Стрыжак будзе адхілены ад кіраўнічых і прадстаўнічых пасад, але на паўгода яшчэ застанецца кансультантам у арганізацыі. Пасля гэтага рашэння фонд пакінулі тры чалавекі, а «Байсол» выключылі з Міжнароднага гуманітарнага фонду.
Цяпер Андрэй Стрыжак выступіў у сацсетках з новай заявай.
«Я прыняў рашэнне цалкам спыніць супрацоўніцтва з фондам BYSOL.
Гэтае рашэнне далося мне нялёгка, але я разумею тую адказнасць, якую нясу за лёс аднаго з ключавых праектаў па дапамозе палітзняволеным і іх сем’ям. BYSOL павінен працягваць працаваць. Я прыкладу ўсе намаганні, каб каманда змагла без страт перажыць крызіс. Спадзяюся, гэта верне давер да арганізацыі ў беларусаў і міжнародных партнёраў».
Стрыжак дадаў, што арганізацыя ўжо пачала структурныя рэформы, і яны будуць даведзеныя да канца.
Чытайце таксама:
Зміцер Ягораў: «Байсол» збіраецца і далей выплачваць па 1000 еўра палітвязням