БЕЛ Ł РУС

На выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнта Санду, прарасійская апазіцыя прайграла

29.09.2025 / 7:14

Nashaniva.com

Праеўрапейская партыя «Дзеянне і салідарнасць» прэзідэнта Маі Санду, паводле папярэдніх дадзеных, атрымала абсалютную большасць мандатаў у новым складзе парламента. Прарасійская апазіцыя зноў прайграла.

Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images

Калі было падлічана каля 97% галасоў, партыя «Дзеянне і салідарнасць» (PAS) набірала 49,7%, што дае ёй 54 з 101 месца ў парламенце. Гэта, праўда, менш, чым было ў PAS у мінулым складзе парламента — 61 дэпутат, піша Бі-бі-сі.

Яшчэ адна праеўрапейская палітычная арганізацыя, блок «Альтэрнатыва», атрымае, паводле папярэдніх даных, восем мандатаў.

Прарасійскі «Патрыятычны блок», паводле падлікаў малдаўскай цэнтральнай выбарчай камісіі, сабраў каля 24,5% галасоў, што дае яму 27 дэпутацкіх месцаў. У «Патрыятычны блок» уваходзяць Партыя сацыялістаў на чале з экс-прэзідэнтам Ігарам Дадонам, Партыя камуністаў на чале з іншым былым прэзідэнтам, Уладзімірам Вароніным, а таксама партыя «Будучыня Малдовы» экс-прэм’ера (у 2011—2008 гг.) Васіле Тарлева.

Акрамя гэтых трох палітычных сіл, у парламент праходзяць яшчэ дзве партыі: «Дэмакратыя дома» нацыянал-кансерватара Васіле Касцюка, які выступае за аб’яднанне Малдовы з Румыніяй, а таксама «Наша партыя» папуліста Рэната Усатага.

«Мы не ажэнімся ні з рускімі, ні з PAS», — заявіў Усаты на прэс-канферэнцыі пасля закрыцця выбарчых участкаў.

Выбары праходзілі па партыйных спісах, для пераадолення бар’ера партыі трэба было набраць не менш за 5% галасоў, блоку — не менш за 7%.

Падчас кампаніі было шмат скандалаў і ўзаемных абвінавачанняў улады і апазіцыі ў падрыхтоўцы фальсіфікацый. Незадоўга да дня галасавання былі затрыманыя дзясяткі людзей, якіх абвінавацілі ў тым, што яны праходзілі падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў.

Яшчэ з прэзідэнцкай кампаніі мінулага года ў краіне гучалі абвінавачанні ў бок абвешчанага ў вышук бізнэсоўца Ілана Шора, які хаваецца ў Расіі. Незалежныя расследавальнікі і прадстаўнікі ўрада прама заяўлялі, што так званая «сетка Шора» з дапамогай прамога подкупу кантралявала дзясяткі тысяч выбарцаў.

Лідар прарасійскага блока Ігар Дадон на той падставе, што партыя Маі Санду не атрымала абсалютную большасць галасоў, заявіў, што апазіцыя выйграла — нягледзячы на тое, што іншыя апазіцыйныя партыі, якія прайшлі ў парламент, не падзяляюць яго поглядаў.

Дадон заклікаў сваіх прыхільнікаў у панядзелак днём выйсці на мітынг каля парламента, «каб абараніць нашу перамогу», а ўжо ўвечары нядзелі Дадон і Тарлеў са сваімі прыхільнікамі выйшлі пратэставаць да будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула