БЕЛ Ł РУС

Трамп выступіць на тэрмінова скліканай нарадзе найвышэйшага ваеннага кіраўніцтва ЗША

29.09.2025 / 7:25

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША ў аўторак выступіць на нарадзе найвышэйшага ваеннага кіраўніцтва, тэрмінова скліканай міністрам абароны Пітам Хегсетам, паведамляе Associated Press са спасылкай на прадстаўніка Белага дома.

Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Сотні генералаў і адміралаў — старшых камандзіраў у званні ад адной зоркі і вышэй, а таксама іх галоўных дарадцаў — былі без папярэджання выкліканыя міністрам абароны Пітам Хегсетам з усяго свету на базу марской пяхоты ў Квантыка (штат Вірджынія).

Прадстаўнік Белага дома не меў паўнамоцтваў раскрываць планы прэзідэнта да публічнага абвяшчэння пра яго ўдзел і гаварыў на ўмовах ананімнасці.

У нядзельным інтэрв’ю NBC News Трамп сказаў, што яны (удзельнікі сустрэчы) «будуць гаварыць пра тое, як добра мы спраўляемся ў ваеннай сферы, пра тое, што мы ў выдатнай форме, пра шмат добрых, пазітыўных рэчаў».

У публікацыі адзначаецца, што ўдзел Трампа ў сустрэчы павышае верагоднасць палітызацыі мерапрыемства перад беспартыйнай аўдыторыяй ваенных кіраўнікоў.

Напрыклад, піша АР, у чэрвені ён выступіў перад вайскоўцамі ў Форт-Брэге, у Паўночнай Караліне, з прамовай у стылі перадвыбарчай кампаніі, у якой крытыкаваў свайго папярэдніка Джо Байдэна.

Трамп таксама пашырае прысутнасць вайскоўцаў у амерыканскіх гарадах, аргументуючы гэта неабходнасцю барацьбы са злачыннасцю ў месцах, дзе дэмакратычныя лідары не могуць забяспечыць грамадскую бяспеку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула