У Мінску па справе аб кол-цэнтрах судзяць 55 чалавек
Мінскі гарадскі суд пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 55 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі. Група дзейнічала з 2017 па 2024 год у Беларусі, Расіі і Кыргызстане і выкрадала грошы махлярскім шляхам.
«Абвінавачаныя размяшчалі ў інтэрнэце ілжывую інфармацыю аб магчымасці атрымання лёгкага даходу за кошт інвеставання сродкаў у фінансавыя праекты, якія насамрэч не існавалі», — распавялі ў Генпракуратуры.
З зацікаўленымі людзьмі звязваліся менеджары, якія пераконвалі пацярпелых пераводзіць грошы на падкантрольныя ім рахункі. У выніку людзі гублялі свае зберажэнні.
Для прыкрыцця кол-цэнтраў рэгістраваліся кампаніі, якія нібыта аказвалі рэкламныя паслугі. Шкода па справе — больш за 2 мільёны рублёў.
На судзе будуць дапытаныя абвінавачаныя, а таксама больш за 100 сведак і пацярпелых. Аб’ём матэрыялаў крымінальнай справы складае больш за 250 тамоў.