У Талачынскім раёне супрацоўнікі ДАІ самі з'елі аленя, збітага машынай на дарозе
У лістападзе 2024 года два інспектары ДАІ ў Талачынскім раёне праводзілі праверку пасля ДТЗ, у якім загінуў алень. Але замест афармлення здарэння ў адпаведнасці з законам яны забралі тушу загінулай жывёліны сабе на мяса.
Фота ілюстрацыйнае
Пакінуць гэта ў таямніцы, аднак, не ўдалося. Калі пра гэты ўчынак стала вядома, абодва міліцыянеры пайшлі пад суд.
Суд пакараў былых супрацоўнікаў ДАІ штрафам у 400 базавых велічынь кожнага, іх знаёмаму, які дапамагаў з перавозкай тушы з месца здарэння — 350 базавых велічынь.
Акрамя таго, аўтамабілі ўдзельнікаў справы канфіскаваныя на карысць дзяржавы. Агульныя налічаныя ім штрафы, уключна з транспартам і кампенсацыяй прыродзе, склалі больш за 87 000 рублёў.
Прысуд быў агучаны на выязным судовым пасяджэнні ў Талачынскім РАУС у прысутнасці іх былых калег.
Чытайце таксама:
Апублікавалі карта-схему мінулагодніх месцаў ДТЗ з удзелам жывёл
Складзены спіс трас, на якіх найчасцей адбываюцца ДТЗ з дзікімі жывёламі
Ад сутыкненняў з ласямі ратуе ультрагукавы свісток на аўтамабіль