БЕЛ Ł РУС

Эстонія просіць сваіх грамадзян устрымацца ад паездак у Беларусь

30.09.2025 / 7:31

Nashaniva.com

Эстонцаў заклікалі ўлічваць рызыкі падчас паездак у Беларусь. Улада папярэдзіла пра магчымыя апытанні і затрыманні, а таксама пра складанасці з атрыманнем консульскай падтрымкі, паведамляе ERR.

 Міністэрства замежных спраў Эстоніі звярнулася да сваіх грамадзян з перасцярогай адносна паездак у Беларусь. Падставай сталі шматлікія выпадкі, калі эстонцаў спынялі на мяжы, апытвалі або затрымлівалі ўнутры краіны.

«Было дастаткова шмат выпадкаў і на мяжы, і ўнутры Беларусі, калі з нашымі грамадзянамі ўступалі ў кантакт, іх апытвалі або затрымлівалі, як і грамадзян іншых краін ЕС. Падчас знаходжання там сітуацыя можа стаць надзвычай непрыемнай для нашых грамадзян», — сказала прадстаўнік МЗС Эстоніі Ангела Саар-Рааман.

Паводле слоў прадстаўніцы МЗС, у выпадку ўзнікнення праблем у Беларусі атрыманне дапамогі з боку эстонскіх дыпламатаў ускладненае.

«З 20 мая 2024 года ў эстонскай дыпмісіі ў Беларусі няма дыпламата, і беларускага дыпламата ў Эстоніі таксама няма. У нас таксама няма ў Беларусі консула. Падчас паездкі ў Беларусь варта ўлічваць, што прадастаўленне консульскай дапамогі можа заняць значна больш часу, чым звычайна, або ўвогуле быць немагчымым», — растлумачыла Саар-Рааман.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула