БЕЛ Ł РУС

Памёр галоўны рэдактар знакавага часопіса Перабудовы «Огонёк» Віталій Кароціч

30.09.2025 / 13:54

Nashaniva.com

Памёр Віталій Кароціч — савецкі і ўкраінскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. У гады Перабудовы — галоўны рэдактар аднаго з найбольш уплывовых часопісаў «Огонёк», які адыграў вялікую ролю ў раскрыцці праўды пра сталінскія рэпрэсіі і ў дэмакратычных пераменах у СССР, піша Расійская служба Радыё Свабода.

Фота: Радыё Свабода

Кароціч памёр у Маскве. Яму было 89 гадоў.

Віталій Кароціч нарадзіўся ў Кіеве ў 1936 годзе. Паводле адукацыі — медык. У 1960‑я гады стаў вядомы як паэт, пісаў на ўкраінскай і рускай мовах. Яго верш «Апошняя просьба старога лірыка» ў перакладзе Юны Морыц стаў вядомай песняй «Перавядзі мяне цераз Майдан», якую выконвалі Таццяна і Сяргей Нікіціны.

Кароціч працаваў рэдактарам розных літаратурных выданняў у Кіеве. Як публіцыст рабіў матэрыялы пра замежныя краіны з лаяльных да савецкага ладу пазіцый. Ва ўкраінскіх архівах існуюць дакументы пра яго супрацоўніцтва з КДБ.

Пасля пачатку Перабудовы ў СССР, у 1986 годзе, стаў галоўным рэдактарам часопіса «Огонёк» і заставаўся ім да 1991 года. Пад кіраўніцтвам Кароціча наклад «Огонька» вырас да 4 мільёнаў асобнікаў.

Часопіс пісаў на надзённыя тэмы, у тым ліку пра прывілеі партыйнай наменклатуры, карупцыю, дзедаўшчыну ў арміі. У ім публікаваліся многія, што пазней сталі вядомымі, журналісты.

Адна з галоўных тэм «Огонька» — сталінскія рэпрэсіі і лёсы іх ахвяр.

Выданне актыўна выступала на карысць курсу на галоснасць і дэмакратызацыю. Кароціч быў абраны народным дэпутатам СССР і ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай групы, якая выступала як дэмакратычная апазіцыя да Міхаіла Гарбачова.

У жніўні 1991 года, даведаўшыся пра путч ГКЧП, прыняў рашэнне застацца ў ЗША, з-за чаго давялося пакінуць пасаду галоўнага рэдактара «Огонька». Да 1998 года выкладаў у ЗША, затым вярнуўся ў Кіеў. Узначальваў рэдакцыйную раду газеты «Бульвар Гардона». Выступіў у падтрымку Віктара Януковіча.

У 2014 годзе ў інтэрв’ю Радыё Свабода не стаў прама адказваць на пытанне аб прыналежнасці Крыма сказаўшы пры гэтым: «Немагчыма паверыць у тое, што Расія пачне вайну з Украінай. Такога не было ніколі ў гісторыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула