Нунцыю і віцебскаму біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі каталіцкімі святарамі
Апостальскі нунцый у Беларусі (дыпламатычны прадстаўнік Ватыкана) і біскуп Віцебскі спрабавалі наведаць зняволенага ў калоніі святара айца Анджэя Юхневіча, які служыў у Віцебскай дыяцэзіі.
Верагодна, нунцый таксама меў намер сустрэцца з другім асуджаным беларускім святаром, ксяндзом Генрыхам Акалатовічам, які знаходзіцца ў той жа калоніі, што і айцец Анджэй, піша katolik.life.
Як даведаліся вернікі з крыніц, якія заслугоўваюць даверу, дыпламат Ватыкана арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалья і біскуп Алег Буткевіч прыязджалі ў калонію ў Бабруйску, але ім там адмовілі ў спатканні з зняволенымі святарамі. Па якой прычыне і ці была папярэдняя дамоўленасць пра тое, што сустрэчу дазволяць — вернікам невядома.
Акрамя таго, у вернікаў застаецца надзея, што хуткі візіт у Беларусь кардынала, былога нунцыя ў Беларусі Клаўдыа Гуджэроці зможа паўплываць на як мага хутчэйшае вызваленне святароў.
Нагадаем, Генрых Акалатовіч асуджаны на 11 гадоў, Анджэй Юхневіч на 13 гадоў.