БЕЛ Ł РУС

Адзін з беларускіх гарадоў застаўся без ацяплення, бо акурат цяпер дайшлі рукі да замены цеплатрасы

30.09.2025 / 18:18

Nashaniva.com

У двух населеных пунктах Мінскай вобласці не ўключылі ацяпленне, якое павінны былі па графіку запусціць 29 верасня. Без цяпла засталіся жыхары горада Фаніпаль і прыгараднай вёскі Вязань. Прычына ў замене акурат цяпер адзінай цеплатрасы, якая ідзе ад кацельні да жылой часткі горада і вёскі, піша Tochka.by.

Фота: fanipol.by

Што прывяло да сітуацыі, у якой беларусы засталіся без ацяплення ў халады, расказаў прадстаўнік падраднай арганізацыі ТАА «МалесБуд» Віталь Чыркоўскі.

Чаму рамантуюць восенню

Цеплатраса замацаваная на канструкцыях пешаходнага моста праз чыгунку. Цяпер адначасова праходзяць яго рэканструкцыя і пераўрэзка сістэмы цеплазабеспячэння.

Але і мост, і цеплатраса даўно знаходзяцца ў аварыйным стане. Першы быў закрыты па гэтай прычыне яшчэ ў 2018 годзе.

Фота: fanipol.by

Цеплатрасу, па словах Чыркоўскага, праклалі ў 1981-м, а тэрмін яе эксплуатацыі не павінен перавышаць 30 гадоў. Атрымліваецца, скончыўся ён прыкладна ў 2011 годзе.

«Труба ўжо мела 100%-ны знос, яна цякла. Рана ці позна яе ўсё адно давялося б мяняць», — адзначыў прадстаўнік падраднай арганізацыі.

Паводле інфармацыі партала fanipol.by, рэканструкцыю моста так доўга не праводзілі, таму што не маглі вызначыць, каму ён належыць. Гэтае пытанне вырашылі ў 2020 годзе праз суд — канструкцыю перадалі на баланс Дзяржынскай ЖКГ. Пасля гэтага з'явілася прававая аснова для рамонту, але работы пачаліся толькі праз пяць гадоў, у 2025-м.

І рэканструкцыю моста, і пераўрэзку цеплатрасы праводзяць восенню па плане, бо перанесці гэтыя работы на зіму тэхнічна немагчыма, а пачаць раней не дазвалялі ўзгадненні з Беларускай чыгункай.

Калі дадуць ацяпленне

Па словах Чыркоўскага, актыўныя работы на мосце пачаліся ў жніўні, адразу пасля атрымання дазволу ад БЧ.

Хоць для работ і задзейнічалі вялікую колькасць спецыялістаў, працэс ускладняецца ўмовамі. Паколькі цеплатрасу пракладваюць над чыгуначнымі пуцямі, падрадчыкі працуюць толькі ў кароткія тэхналагічныя «вокны» — па дзве гадзіны днём і дзве гадзіны ноччу. Акрамя таго, у непагадзь працы спыняюцца, бо з-за дажджу можа з'явіцца небяспечная электрычная дуга.

Нарматыўны тэрмін замены цеплатрасы складае 40 каляндарных дзён, але падрадчыкі і Дзяржынская ЖКГ імкнуцца паскорыць працэс. Паводле іх прагнозу па стане на 30 верасня, ацяпленне ў Фаніпалі і Вязані плануюць запусціць да 4‑5 кастрычніка, калі работам не перашкодзяць умовы надвор'я.

Чытайце таксама:

Максімальная тэмпература ў Беларусі ўчора не перавысіла +11 градусаў

У Мінску ў кватэрах сталі ўключаць ацяпленне

У Мінскім раёне ўключаюць ацяпленне

У Мінску сталі ўключаць ацяпленне ў аб'ектах сацыяльнай сферы

У Віцебскай вобласці з чацвярга пачнуць уключаць ацяпленне

Каментары да артыкула