«Я ўмею забіваць. Тут мяне за гэта не асудзяць». Ва УСУ таксама служаць зняволеныя, якія прамянялі турму на поле бою
З папраўчай калоніі № 4 ў Жытоміры так проста не выйдзеш. Гэта турма рэжыму сярэдняй строгасці, але масіўныя жалезныя вароты і вялікія белыя сцены, увянчаныя калючым дротам, надаюць ёй хутчэй выгляд турмы строгага рэжыму. Тут адбывалі пакаранне Андрэй Аскераў і Раман Чэх — абодва былі асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў. Але яны знайшлі для сябе спосаб «датэрміновага вызвалення», піша Бі-бі-сі.
Андрэй Андрыйчук — прафесійны злачынца, які стаў салдатам, дэманструе свой медаль «Рыцарскі крыж», якім яго ўзнагародзілі за мужнасць і адвагу. Фота: Matthew Goddard / BBC
Абодва мужчыны паспяхова падалі заяўкі на ўступленне ў шэрагі ўкраінскай арміі. Яны пройдуць месячнае навучанне і ў абмен на вызваленне будуць змагацца «да заканчэння вайны».
«Я не ўяўляю, што значыць забіць чалавека, бачыў гэта толькі ў фільмах», — прызнаецца Андрэй, які правёў у турме 18 месяцаў з прызначаных яму шасці гадоў.
Для 30‑гадовага мужчыны галоўным матывам, вядома ж, з'яўляецца свабода. Але ёсць і іншая мэта — вярнуцца ў грамадства не злачынцам, а грамадзянінам, які ўнёс свой уклад.
З моманту прыняцця новага закона ў мінулым годзе больш за 10000 зняволеных уступілі ва ўкраінскую армію, у тым ліку асуджаныя за забойства. Аднак тыя, хто асуджаны за найбольш цяжкія злачынствы, такія як шматразовыя забойствы, сэксуальны гвалт, карупцыю і здраду, служыць у войску не маюць права.
Андрэй Аскераў адбыў 18 месяцаў з шасцігадовага тэрміну, але хутка вызваліцца, каб змагацца з расійскай арміяй. Фота: Matthew Goddard / BBC
«Усе так ці інакш апынуцца на перадавой, — кажа Раман, які таксама мяняе шэрую турэмную робу на вайсковую форму. — Я мог бы назаўжды застацца з таўром злачынца, але калі адслужу — стану вайскоўцам», — кажа ён з ціхай засяроджанасцю.
Для 36‑гадовага мужчыны служба — гэта не толькі шлях да выпраўлення, але і помста.
«Маёй сястры цяпер быў бы 21 год, — тлумачыць ён. — Яна загінула, калі ў 2023 годзе расійская ракета трапіла ў яе дом у Харкаве. Больш за ўсё я хачу адпомсціць за яе».
Па даных урада, большасць зняволеных, якія запісаліся ў войска, добраахвотна пайшлі ў пяхоту, дзе ўдзельнічаюць у інтэнсіўных баявых дзеяннях. Яны таксама папоўняць шэрагі штурмавых войскаў, пра стварэнне якіх у верасні аб'явіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паколькі больш традыцыйныя вайсковыя спецыяльнасці, такія як марскія пехацінцы ці дэсантнікі, паступова губляюць сваю каштоўнасць у сучаснай вайне, гэтыя новыя часці будуць штурмаваць расійскія пазіцыі з дапамогай дронаў.
Сястра Рамана Чэха была забітая расейскай ракетай у 2023 годзе і ён хоча адпомсціць за яе. Фота: Matthew Goddard / BBC
Каб здабыць свабоду, гэтым зняволеным прыйдзецца змагацца на самых небяспечных участках фронту і на працягу нявызначанага часу. Не ўсе з іх выжывуць.
Па словах начальніка калоніі № 4, палова з тысячы зняволеных, якія пайшлі на фронт да цяперашняга моманту, ужо загінулі.
«Мы ўмеем ваяваць»
Шэраг пераабсталяваных сельскагаспадарчых пабудоў на поўдні Украіны — даволі сціплая вайсковая база, але для 30 з лішнім параненых салдат, якія знаходзяцца тут, гэта доўгачаканая перадышка. Усе яны — былыя зняволеныя, якія вярнуліся з усходніх палёў бітваў.
37‑гадовы Аляксей ваяваў у Вялікай Навасёлцы, атрымаўшы сур'ёзную траўму нагі.
«Нас накрылі артылерыяй, мінамі, кіраванымі бомбамі, — тлумачыць ён. — Я не чакаў, што загіне так шмат маіх таварышаў».
Перад тым як пайсці на фронт, Аляксей адбываў васьмігадовы тэрмін за кантрабанду наркотыкаў. Седзячы на ложку, ён расказвае, чаму, на яго думку, зняволеныя як салдаты лепшыя, чым мабілізаваныя цывільныя.
«Калі яны забіраюць яго на волі, яны ловяць яго на вуліцы. Яны зловяць нейкага незразумелага чалавека… раз, два, дзясяты, дваццаты… і прывядуць іх сілай. Яны адрываюць іх ад мамінай цыцкі. Куды ён паедзе ваяваць? — эмацыйна усклікае ён. — А мы ведаем, як ваяваць! І вельмі добра!».
Гэтую заяву павінныя пацвярджаць шаўроны, сарваныя з забітых расійскіх жаўнераў, і іх дакументы. Усё гэта ляжыць на стале — украінскія салдаты прынеслі гэта з фронту.
Салдаты — былыя зняволеныя пасля перадавой аднаўляюць сілы ў казармах на поўдні Украіны. Фота: Matthew Goddard / BBC
«У мяне на рахунку ўжо шмат іх галоў, і я вывеў шмат трохсотых», — дадае Андрэй Андрыйчук.
Ён расказвае, што ў яго на целе засталіся шнары ад 47 аскепкаў. Раней ён ваяваў у расейскай памежнай Курскай вобласці падчас украінскага наступу. А да гэтага ён быў прафесійным рабаўніком.
Пасля амаль чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны прывыкаеш бачыць смяротна стомленых салдат, якія правялі месяцы і гады на перадавой, імкнучыся стрымаць расейскі наступ. Тут іншая атмасфера — высокі маральны дух, які падсілкоўваецца патрыятызмам і, магчыма, палёгка ад таго, што яны ўжо не за кратамі.
Яны прызнаюць, што многія былыя зняволеныя дэзертуюць, як толькі выходзяць з турмы, але сцвярджаюць, што большасць добраахвотна ідзе на вайну.
«Я зрабіў шмат зла гэтай краіне. Таму памылкі трэба выпраўляць пастаянна, і за ўсё ёсць плата».
«У мяне ёсць навыкі, — усміхаецца Аляксей. — Умею забіваць. Яшчэ і не судзяць за гэта».
Афіцэры прызнаюць: каб дажыць да канца вайны, гэтым байцам спатрэбіцца вялікая ўдача. Але самі яны, здаецца, і не жадаюць апынуцца дзесьці ў іншым месцы.
Нязручныя параўнанні
У пачатку вайны Расію рэзка крытыкавалі за масавую адпраўку зняволеных на фронт — паводле розных ацэнак, было адпраўлена больш за 200 тысяч чалавек, якіх фактычна кінулі ў «мясарубку». Ці не робіць Украіна тое ж самае?
Намеснік міністра юстыцыі Яўген Пікалаў адказвае коратка:
«Розніца велізарная: расіянам плацяць за кожную сотню метраў, а ўкраінцамі рухае патрыятызм».
Пікалаў лічыць сябе рэфарматарам у сваім ведамстве і хоча, каб Украіна надавала больш увагі рэабілітацыі, а не пакаранню злачынцаў.
«Наша мэта — даць ім шанец. Гэта не выкарыстанне іх уразлівасці. Гэта магчымасць абараніць краіну, і ўсё», — кажа ён.
Што тычыцца маральнага боку вызвалення забойцаў пасля адбыцця часткі тэрміну, Пікала падкрэслівае, што гаворка ідзе не пра памілаванне, а пра ўмоўнае вызваленне.
«Эмацыйны складнік прысутнічае заўсёды. Але нават без вайны для некаторых сем'яў прысуды ніколі не здаюцца дастатковымі», — дадае ён.
З цягам часу Украіне становіцца ўсё цяжэй знайсці матываваных людзей, гатовых ваяваць. А паколькі канца вайне не відаць, гэтыя пошукі будуць рабіцца ўсё больш інтэнсіўнымі.
Чытайце таксама:
Сырскі заявіў, што частка расіян на Дабрапольскім кірунку трапіла ў акружэнне
УСУ заявілі пра збіццё расійскага Су-34 пад Запарожжам
Залужны: Украіну ўратуе стварэнне кіберфізічнай сістэмы абароны, з апорай на робатаў
Украінскі салдат уратаваўся з акружэння на электраровары, які яму скінулі з дрона