БЕЛ Ł РУС

Зяленскі прысвоіў пасмяротна званне Героя Украіны забітаму ў Львове Андрэю Парубію

1.10.2025 / 14:5

Nashaniva.com

Таксама званні Героя Украіны пасмяротна атрымалі яшчэ тры чалавекі.

Андрэй Парубій

«Менавіта ў Дзень абаронцаў, на Пакроў, пашыраем яшчэ адну нашу традыцыю павагі і ўдзячнасці.

За час ад пачатку паўнамаштабнай вайны найвышэйшае званне Герой Украіны надавалася толькі воінам — украінцам, якія праявілі сябе надзвычайна ў баявых умовах, у абароне нашай дзяржавы, нашых пазіцый, нашых людзей. 722 менавіта такія воіны ўжо сталі Героямі Украіны, і з іх 445 — пасмяротна. Сёння я падпісаў указы аб прысваенні звання Герой Украіны яшчэ чатыром украінцам, на жаль, пасмяротна», — напісаў Уладзмір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Званні прысвоеныя Андрэю Парубію, крымчаніну, былому вязню Крамля Генадзю Афанасьеву, закатаванаму баевікамі ДНР Сцяпану Чубенку і пісьменніку Уладзіміру Вакуленку, які загінуў на Харкаўшчыне.

Былы спікер Вярхоўнай Рады, дзейны народны дэпутат ад палітычнай сілы «Еўрапейская салідарнасць» Андрэй Парубій быў забіты ў Львове 30 жніўня.

У яго страляў 52‑гадовы мужчына, апрануты як кур'ер дастаўкі. Ад васьмі агнястрэльных раненняў палітык загінуў на месцы.

На наступны дзень забойца быў затрыманы. «Я прызнаю, я яго забіў. І хачу прасіць, каб мяне абмянялі на ваеннапалонных, каб я мог паехаць і знайсці цела свайго сына», — заявіў падазраваны.

Ён заявіў, што гэта была «ягоная помста ўкраінскай уладзе». А на пытанне, чаму менавіта ахвярай стаў Парубій, ён адказаў, што палітык «быў побач», а на яго месцы мог быць і экс-прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула