Работніца паліклінікі ў Магілёве прабівала няправільныя чэкі і прысвоіла 86 тысяч рублёў
У Магілёве судзілі медыцынскага рэгістратара, якая чатыры гады прысвойвала грошы пацыентаў.
Ілюстрацыйнае фота
Схема працавала з красавіка 2021 года па студзень 2025 года. Пацыенты плацілі поўны кошт паслуг, але жанчына прабівала чэкі на меншую суму. Розніцу яна забірала сабе.
Шкода ўстанове аховы здароўя склала больш за 85,9 тыс. рублёў. Добраахвотна медрэгістратар кампенсавала толькі 6,7 тыс. рублёў. У судзе яна поўнасцю прызнала віну.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай у прысваенні маёмасці асобай, якой яна даручана, учыненым у асабліва буйным памеры, ёй далі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, штраф 70 базавых велічынь (2940 рублёў) і на 5 гадоў забаранілі працаваць з матэрыяльнымі каштоўнасцямі.
Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з яе на карысць установы аховы здароўя 78 334,8 рубля, а таксама дзяржаўную пошліну ў даход дзяржавы — 3 916,74 рубля.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.