БЕЛ Ł РУС

Памерла прыматолаг Джэйн Гудол. Яна змяніла нашы ўяўленні пра шымпанзэ

2.10.2025 / 13:33

Nashaniva.com

Прыматолаг, спецыяліст па шымпанзэ, абаронца прыроды Джэйн Гудал памерла ў сераду ва ўзросце 91 год. Гудал упершыню даказала, што шымпанзэ могуць выкарыстоўваць прылады для сваіх патрэб (напрыклад, каб раскалоць арэхі), тым самым змяніўшы нашы ўяўленні пра эвалюцыю, пiша Бі-бі-сі.

Фота: Hugo van Lawick

Гудал памерла ў сне ад натуральных прычын у Каліфорніі, дзе яна чытала лекцыі ў рамках тура па ЗША.

У Гудал не было фармальнай вышэйшай адукацыі, але яе цікаўнасць і ўменне моўчкі назіраць аказаліся незаменнымі для працы з прыматамі. Яе падыход да шымпанзэ адрозніваўся ад агульнапрынятага ў той час: Гудал давала ім імёны, а не проста парадкавыя нумары, і называла іх сваімі сябрамі.

Пасля палявой працы з шымпанзэ Гудал пераключылася на актывізм, змагаючыся за вызваленне прыматаў з заапаркаў і лабараторый і абараняючы прыроду.

«Вядома ж, людзі хочуць, каб у іх дзяцей была будучыня», — адказвала яна на пытанне аб тым, што матывуе яе і прымушае працаваць ва ўжо сталым узросце.

Гудал раз'язджала з лекцыямі і ўдзельнічала ў мерапрыемствах па ўсім свеце. Яна расказвала газеце Times у 2022 годзе, што не спала ў адным і тым жа месцы больш за тры тыдні запар з 1986 года.

Джэйн Гудал нарадзілася ў 1934 годзе ў Лондане. Кнігі пра доктара Дулітла і Тарзана абудзілі ў ёй цікавасць да жывёл, расказвала яна.

Калі Гудал было 23 гады, яна наведала сяброў на ферме ў Кеніі (у той час — брытанскай калоніі). Там яна пазнаёмілася з антраполагам і археолагам Луісам Лікі.

Хоць у Гудал тады не было фармальнай адукацыі, Лікі ўбачыў у ёй патэнцыял і спачатку наняў яе працаваць сакратаром, а затым — арганізаваў яе першую даследчую паездку ў джунглі Танганьікі (цяпер частка Танзаніі).

«Ён хацеў працаваць з кімсьці, чый розум яшчэ не быў затуманены рэдукцыянісцкім падыходам да навукі аб жывёлах», — казала Гудал пра тое, чаму Лікі выбраў яе.

Так у 1960 годзе Джэйн Гудал апынулася ў танзанійскім нацыянальным парку Гомбе-Стрым. Менавіта там яна — першай з даследчыкаў — засведчыла, як шымпанзэ выкарыстоўваюць прылады і мадыфікуюць іх у залежнасці ад сваіх мэтаў.

Да гэтага лічылася, што толькі людзі валодаюць дастатковым інтэлектам, каб выкарыстоўваць прылады. Адкрыццё Гудал вызначыла будучыню эвалюцыйнай навукі.

Вялікаму самцу шымпанзэ, які выкопваў тэрмітаў пры дапамозе палкі і прывёў вучоную да адкрыцця, Гудал дала імя «Дэвід Грэйбэрд».

Вынікі працы Гудал былі апублікаваны ў вядучых часопісах. А ў 1965 годзе часопіс National Geographic змясціў яе на вокладку — і надрукаваў яе апавяданні аб сацыяльным і эмацыйным жыцці шымпанзэ.

Пасля многіх гадоў даследчай працы, Гудал стала займацца і актывісцкай дзейнасцю. Яна працавала над вызваленнем шымпанзэ з заапаркаў і лабараторый, выступала ў абарону дзікай прыроды і прыцягвала ўвагу да кліматычнага крызісу.

У 1977 годзе Джэйн Гудал заснавала Інстытут Джэйн Гудал для падтрымкі вывучэння парку Гомбе. Зараз у інстытута — больш за 20 офісаў па ўсім свеце, а займаецца ён праграмамі па абароне прыроды ў Афрыцы, у аснове якіх — мясцовыя супольнасці.

Джэйн Гудал — першапраходзец не толькі ў прыматалогіі. Яна аказала велізарны ўплыў на ўспрыманне жанчын у навуцы.

У першую паездку ў танзанійскія джунглі па настойлівасці аднаго з арганізатараў яе суправаджала яе маці. Пазней вучоная ўспамінала, што тая падтрымлівала яе кар'еру ў прыматалогіі.

Да 2019 года ў гэтай вобласці навукі было прыкладна аднолькавая колькасць мужчын і жанчын — шмат у чым дзякуючы першапраходству і актывізму Гудал.

Гудал рэгулярна аказвалася ў спісах самых выдатных жанчын. У 2022 годзе Mattel выпусціла ляльку «Барбі», якая адлюстроўвае Джэйн Гудал, а LEGO — невялікі набор з Гудал і трыма шымпанзэ ў джунглях.

Джэйн Гудал — аўтар больш за 20 кніг для дзяцей і дарослых. У 2002 годзе яна стала паслом міру ААН, а год праз, у 2003‑м — дамай Ордэна Брытанскай імперыі. У студзені 2025 года яна атрымала Прэзідэнцкі медаль свабоды ад прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Гудал двойчы была замужам. У 1964 годзе яна выйшла замуж за нідэрландскага фатографа-анімаліста Хуга ван Лавіка, з якім яны разам ездзілі ў Танзанію. Праз 10 гадоў яны развяліся. У 1975 годзе Гудал выйшла замуж за дырэктара нацыянальных паркаў Дэрэка Брайсесана. Ён памёр у 1980 годзе.

У Гудал застаўся сын ад першага шлюбу і трое ўнукаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула