«Квіткі.бай» ліквідуюць
Юрыдычная асоба найбуйнейшага сэрвісу па продажы білетаў «Квіткі.бай» — «Квіткі Бел» — знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Рашэнне ўласнікаў аб ліквідацыі датуецца 17 верасня, стала вядома «Бюро».
Напрыканцы жніўня «Наша Ніва» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што кіраўніцтва кампаніі было затрымана — старонкі «Квіткі.бай» у сацсетках былі выдаленыя, а мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў недаступныя.
Праца сайта пасля «тэхнічнага збою» ўсё ж была адноўлена, аднак з'явілася паведамленне, што Kvitki.by часова не рэалізуе білеты, а па ўсіх пытаннях пакупнікоў накіравалі да арганізатараў мерапрыемстваў.
Затрыманне супрацоўнікаў сэрвісу можа быць звязана з чатам «ОргBY», які прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Паводле версіі КДБ, да гэтага чату меў дачыненне дырэктар «Квіткі.бай» Аляксандр Касінскі.