БЕЛ Ł РУС

«Сцены ёсць — і дзякуй». Маладую доктарку прымушаюць працаваць у вёсцы з жахлівымі бытавымі ўмовамі

2.10.2025 / 18:6

Nashaniva.com

Выпускніца медыцынскага ўніверсітэта Марыя Суравец па размеркаванні трапіла на пяцігадовую адпрацоўку ў Жыткавіцкую бальніцу. Адтуль яе накіравалі працаваць доктаркай агульнай практыкі ў пасёлак Чырвонае. Там ёй надалі жыллё — двухпакаёвую кватэру. Газу там не было, як і гарачай вады, кватэра была страшна занядбаная, паўсюль — антысанітарыя. Галоўны доктар на прэтэнзіі адказаў: «А што вы хацелі? Сцены ёсць — і на тым дзякуй!», піша BGMedia.

Дзяўчына пачала шукаць іншае жыллё — як у Чырвоным, так і Жыткавічах, але марна. Яна паспрабавала атрымаць пераразмеркаванне, бо мае права: муж жыве і працуе ў Калінкавічах, мае ўласнае жыллё. Але і тут маладая спецыялістка атрымала адмову.

Дзяўчына пайшла на прыём да намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Алейнікава. Ён абурыўся ўмовамі жылля для маладых спецыялістаў, назваў іх «непрымальнымі» і паабяцаў разабрацца.

Афіцыйна: малады спецыяліст абавязаны адпрацаваць, у хаце паклеілі шпалеры

«Кропку ў справе» паставіла Міністэрства аховы здароўя.

«Міністэрства прааналізавала кадравую сітуацыю па дактарах агульнай практыкі ў Жыткавіцкай і Калінкавіцкай бальніцах, куды маладая спецыялістка хацела пераразмеркавацца. Спецыяльная камісія вырашыла, што для недапушчальнасьці пагаршэння даступнасці медыцынскай дапамогі ў Жыткавіцкай бальніцы маладой спецыялістцы трэба адпрацаваць належны час у амбулаторыі пасёлка», — да такой высновы прыйшло міністэрства.

«Гомельская праўда» напісала, што ў доме, дзе збіраліся пасяліць дзяўчыну, праведзены рамонт і паказала пакоі са свежымі шпалерамі. Адносна лічыльніка на газ газета напісала, што яго дадуць, калі маладая спецыялістка падпіша дамову. Пра адсутнасць гарачай вады выданне прамаўчала.

Гэта адзінкавы выпадак? — Што кажуць людзі

Каментатары ў тыктоку ў асноўным пашкадавалі маладую доктарку.

«На жаль, тут яшчэ не ўсё такое кепска. У мяне сяброўка адпрацоўвала ў Калінкавіцкім раёне, у вёсцы Вялікія Аўцюкі. Ёй далі жыллё (дом), а ў гэтым доме няма нічога для жыцця. Нават банальнага туалета і ванны. Адсутнічала ацяпленне (была печка, з якой цякла вада), а ў дадатак да дома ішла гаспадарка з курэй і ката, за якімі яна павінна была даглядаць, і дзве табурэткі пасярэдзіне гасцёўні — таксама «на адпрацоўку 5 гадоў».

Скрын з відэа

«Зараз набягуць каментатары, якія скажуць, што гэта «нармальнае жыллё», і наогул, «яшчэ чаго захацелі, усё вам бясплатна падавай». А калі сур’ёзна, мая мама калісьці таксама адпрацоўвала размеркаванне (праўда, у горадзе), дык ёй наогул выдзелілі толькі ложка-месца ў інтэрнаце з забруджанай прыбіральняй. Але гэта яшчэ ў савецкі час было».

Скрын з відэа

«Прафсаюз Мінздароўя, выканаўчая ўлада, шарыкі, сцягі, мясцовае СММ. Усё проста і зразумела: студэнта загналі ў прыгоннае права, адкрытае хамства, дапамагаем бежанцам, будуем прытулкі для сабак, а тут такое — у Год упарадкавання нядрэнны рапарт для службовых асоб, год жа яшчэ не скончыўся».

«Некаторым аднагрупнікам маёй жонкі для жылля далі палаты ў інфекцыйным аддзяленні, у некаторых былі дамы паўразбураныя».

Чытайце таксама:

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

«Паліклініка чакала новага траўматолага, а той знік». Колькі медыкаў з'ехала з Беларусі?

«Дзе гэтыя людзі, хто ім дазволіў не працаваць?» Лукашэнка ўзяўся за выпускнікоў, якія адкупіліся ад размеркавання

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

Каментары да артыкула