Раптоўна памёр адзін з начальнікаў брэсцкай міліцыі
Начальнік упраўлення аператыўна-дзяжурнай службы УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Варонін раней працаваў у Мінску, а ў 2011 годзе нават здымаўся ў прапагандысцкім фільме «Жалезам па шкле».
Аляксандр Варонін
Стала вядома пра раптоўную смерць палкоўніка Аляксандра Вароніна. Апошнія гады ён узначальваў упраўленне аператыўна-дзяжурнай службы УУС Брэсцкага аблвыканкама. Некалькі тыдняў назад палкоўніку споўнілася 46 гадоў.
Раней Варонін служыў у Мінску. Падчас пратэстаў 2020 года ён быў начальнікам аператыўна-дзяжурнай службы Маскоўскага РУУСа.
У 2011 годзе Варонін здымаўся ў фільме СТБ «Плошча. Жалезам па шкле: вядомыя кадры — новыя падрабязнасці». Ён, на той момант начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Маскоўскага РУУСа, даваў негатыўныя характарыстыкі асобам палітвязняў Паўла Вінаградава і Аляксандра Класкоўскага.
Нагадаем, Вінаградаў пасля падзей 2020 года быў зноў арыштаваны. У верасні 2025 года яго вызвалілі і дэпартавалі ў Літву. Класкоўскі памёр у чэрвені 2025 года ў ЗША.
«За плячыма афіцэра больш за 20 гадоў служэння радзіме. У яго паслужным спісе мноства ўзнагарод, у тым ліку медалі «За бездакорную службу» II і III ступеняў», — гаворыцца ў міліцэйскім некралогу пра Аляксандра Вароніна.