Дарадца Ціханоўскай: З 2020 года шэсць тысяч настаўнікаў страцілі працу ў выніку рэпрэсій
Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч напісаў зварот да Дня настаўніка, які адзначаецца на гэтых выходных.
Павел Церашковіч. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Дзень настаўніка — гэта не толькі прафесійнае свята, букеты кветак, бацькоўскія і дзіцячыя віншаванні. Гэта нагода для роздуму — кім ёсць сёння настаўнік і настаўніца ў Беларусі? Гэтая прафесія адыгрывае вызначальную ролю ў эканамічным поспеху, дабрабыту і бяспецы грамадства. Школа закладвае падмурак для гэтага толькі тады, калі яна выхоўвае асобу, здольную самастойна прымаць рашэнні, крытычна і крэатыўна мысліць. Але цяпер ці магчыма гэта ў Беларусі?
Ідэолагі рэжыму абвясцілі, што «настаўнік — гэта чалавек прэзідэнта». Дзяржава метадычна знішчае адукацыю на беларускай мове, дапусціла стварэнне праграмаў вайсковай падрыхтоўкі, мілітарысцкія летнікі і вайскова-патрыятычныя класы», — піша навуковец.
Павел Церашковіч зазначае, сёння вельмі цяжка быць настаўнікам ці настаўніцай у Беларусі, бо іх нагружаюць бясконцай справаздачнасцю, празмернай нагрузкай і кантролем з боку ўлады.
«Больш за 6 тысячаў настаўнікаў і настаўніц страцілі працы праз рэпрэсіі, звыш 50 чалавек прайшлі праз пекла катаванняў у калоніях і на «хіміі», некаторыя і цяпер знаходзяцца за кратамі», — кажа Павел Церашковіч і выказвае шчыры дзякуй тым, хто ў гэтых умовах захаваў прафесійную годнасць.