БЕЛ Ł РУС

Пакоі Кацярыны ІІ з'явіліся ў палацы Пацёмкіна ў Крычаве

3.10.2025 / 13:51

Nashaniva.com

У Крычаве ў палацы графа Пацёмкіна, які валодаў горадам у канцы XVIII стагоддзя, з'явіліся новыя інтэр’ерныя залы. Пра гэта БелТА расказаў дырэктар Гістарычнага музея г. Крычава Уладзімір Мішчанка.

«Можна сказаць, што мы ажыццявілі нашу даўнюю мару — у нас адкрыліся два абсалютна новыя, створаныя з нуля інтэр’ерныя залы. Гэта пуцявыя пакоі імператрыцы Кацярыны II, — распавёў ён. — Адзін зал — гэта працоўны кабінет, а другі — пакоі. Усе яны ўкамплектаваныя старадаўняй антыкварнай мэбляй XVIII—XIX стагоддзяў, посудам той эпохі, прадметамі побыту. Усяго ў двух залах размешчана больш за 100 прадметаў антыкварыяту — пачынаючы ад ложка да нейкіх дэталяў — веераў, пальчатак і жаночых упрыгожванняў. Тут няма ніводнага новаробу ці муляжа — усё сапраўднае і ўнікальнае».

Як адзначыў дырэктар, музей адкрыўся ў 2008 годзе. З таго часу залы дапаўняліся новымі экспанатамі і пашыраліся, але новых залаў не стваралася. А цяпер тут завяршылі гістарычную тэматыку.

«І гэта вельмі важная падзея ў жыцці нашага палаца. Новыя залы дапамогуць прыцягнуць новых наведвальнікаў і турыстаў з Беларусі, Расіі і іншых краін — людзі ўжо тэлефануюць і цікавяцца, ці працуюць яны, ці можна наведаць, — падкрэсліў дырэктар. — Усе ведалі, што імператрыца прыязджала сюды, спынялася на начлег. І ўсім, вядома ж, было цікава даведацца, як выглядалі пакоі, дзе яна адпачывала, як быў уладкаваны яе побыт і вольны час».

Таксама папоўніліся новымі экспанатамі старадаўнасці ўжо існуючыя інтэр’ерныя залы палаца — сталовая, прыказчыцкая і буфетная. «У буфетнай, напрыклад, раней уся мэбля была зробленая ў сучаснасці, але пад тую эпоху. Экспанатаў таксама было няшмат. А цяпер гэты зал цалкам мадэрнізавалі — яго напоўнілі антыкварнай мэбляй, дапаўнялі дэталямі. З таго, што было ў буфетнай да гэтага, засталася адна карціна», — адзначыў Уладзімір Мішчанка.

Усяго ў палацы з’явілася каля 150 новых антыкварных экспанатаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула