Вялікі герцаг Люксембурга Анры афіцыйна перадаў уладу сыну
Сотні гасцей, у тым ліку члены каралеўскіх сем’яў Еўропы і кіраўнікі дзяржаў, сабраліся ў пятніцу ў Люксембургу на цырымонію перадачы трона вялікім герцагам Анры свайму сыну — вялікаму герцагу Гіёму.
Вялікая герцагіня Марыя Тэрэза, вялікі герцаг Анры, прынц Гіём і прынцэса Стэфанія. Patrick van Katwijk / WireImage / Getty Images
Анры ўзначальваў герцагства на працягу 25 гадоў, але ў калядным звароце 24 снежня мінулага года абвясціў пра намер сысці на спачын, піша Бі-бі-сі.
У пятніцу ён афіцыйна падпісаў дэкларацыю аб адрачэнні на цырымоніі ў Вялікім герцагскім палацы ў прысутнасці кіраўніцтва Люксембурга, каралеўскіх асоб Нідэрландаў і Бельгіі, а таксама іншых запрошаных. Анры — 70 гадоў. Гіёму — 43.
Прэм’ер-міністр Люк Фрыдэн падзякаваў вялікаму герцагу Анры за гады службы, адзначыўшы, што народ Люксембурга не мог і марыць пра лепшага суверэна. Затым новы герцаг прынёс прысягу ў парламенце.
На выхадных Гіём і яго жонка, вялікая герцагіня Стэфанія, адправяцца ў традыцыйны тур па краіне. У пары двое сыноў — пяцігадовы Шарль і двухгадовы Франсуа.
У адрозненне ад іншых еўрапейскіх манархій, вялікі герцаг Люксембурга з’яўляецца і фактычным кіраўніком дзяржавы.