Пад Уроцлавам п'яны беларускі дальнабойшчык паралізаваў цэлую трасу
Раніцай 3 кастрычніка рух на аўтадарозе A8 пад Уроцлавам у Польшчы быў паралізаваны буйной аўтааварыяй з удзелам грузавіка. За яго рулём быў нецвярозы беларус.
Каля 6‑й гадзіны раніцы 44‑гадовы грамадзянін Беларусі, кіроўца грузавіка Scania, урэзаўся ў раздзяляльную агароджу. У выніку машыну развярнула папярок дарогі, а рух у бок Варшавы быў цалкам заблакаваны. Акрамя таго, фура збіла слуп, які ўпаў на сустрэчную паласу, што яшчэ больш ускладніла рух у напрамку з Варшавы ва Уроцлаў.
Кіроўца грузавіка падчас аварыі атрымаў траўмы, але медыкі аказалі яму дапамогу. Праверка алкатэстарам паказала, што мужчына быў моцна п’яны — прылада засведчыла наяўнасць у яго крыві двух праміле алкаголю.
Як паведамляецца, кіроўца спрабаваў з’ехаць з развязкі, але не справіўся з кіраваннем, што і прывяло да аварыі.
Затор у бок Уроцлава расцягнуўся на 20 кіламетраў, а рух у бок Варшавы быў ускладнены на ўчастку каля 9 кіламетраў.
Чытайце таксама:
«Як быццам ездзіла сто гадоў»: брэсцкая байкерка перасела на фуру
Беларус у ЗША стаў рабом без дакументаў і шукае спосаб вярнуцца дадому
Беларускі дальнабойшчык у Аўстрыі атрымаў траўмы пры напампоўванні кола