Рэпер Пі Дзідзі атрымаў чатыры гады турмы
Суд у Нью-Ёрку прысудзіў рэпера Шона Комбса (Пі Дзідзі) да 50 месяцаў турмы (гэта чатыры гады і два месяцы) за перавозку людзей з мэтай уцягвання ў прастытуцыю. Магчыма, у гэты тэрмін могуць быць залічаны больш за 12 месяцаў, якія Комбс ужо правёў у следчым ізалятары, піша Бі-бі-сі.
Шон Джон Комбс. Фота: Shareif Ziyadat / Getty Images
Улічваючы год, які Комбс правёў у зняволенні з моманту арышту ў верасні 2024 года, і магчымасць змякчэння пакарання за добрыя паводзіны, прысуд азначае, што Комбс застанецца ў зняволенні да 2028 года.
Суддзя таксама наклаў штраф 500 000 даляраў — максімальна магчымы ў гэтым выпадку.
Раней суд прысяжных прызнаў Комбса вінаватым па двух эпізодах перавозкі людзей з мэтай іх уцягнення ў прастытуцыю (максімальнае пакаранне па кожным эпізодзе — 10 гадоў пазбаўлення волі).
Пры гэтым прысяжныя апраўдалі рэпера па абвінавачванні ў рэкеце і двух эпізодах гвалтоўнага перамяшчэння з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі.
Абвінавачанне прасіла прыгаварыць Комбса да 11 гадоў турмы.
Дзідзі шкадуе: «Я літаральна звар'яцеў»
Комбс на працягу ўсяго судовага працэсу настойваў на сваёй невінаватасці.
Але падчас суда, перад абвяшчэннем прысуду, ён папрасіў у суда аб паблажлівасці і прынёс прабачэнні сваёй сяброўцы Кэсі Вентуры, якая вылучыла супраць яго абвінавачванні, і сваёй сям'і.
«Мае дзеянні былі агіднымі, ганебнымі і мярзотнымі, — сказаў ён суддзю. — Я згубіўся ў празмернасцях, згубіўся ў сваім эга».
У чацвер, 2 кастрычніка, рэпер таксама перадаў суддзю ліст на чатырох старонках, у якім ён папрасіў прабачэння «за ўсе тыя пакуты і боль, якія я прычыніў», і заявіў, што 13 месяцаў у турме ў Брукліне змянілі яго.
У прыватнасці, Комбс папрасіў прабачэння за напад на сваю былую спадарожніцу Кэсі Вентуру. «Я літаральна звар'яцеў», — напісаў ён.
«Мой хатні гвалт заўсёды будзе цяжкім цяжарам, які я буду вечна несці», — дадаў Комбс.
«Я збіўся са шляху. Крыніца майго падзення — у маім эгаізме. Я быў зняважаны і зламаны да глыбіні душы», — заявіў у лісце рэпер.
У чым менавіта абвінавачвалі Пі Дзідзі
Шон Комбс быў прызнаны невінаватым па самых цяжкіх абвінавачваннях: у рэкеце і гвалтоўным перамяшчэнні з мэтай сэексуальнай эксплуатацыі сваёй экс-сяброўкі, спявачкі Кэсі, і яшчэ адной дзяўчыны, якая дала паказанні ананімна.
Аднак прысяжныя прызналі яго вінаватым у іх перавозцы з мэтай прымусіць да прастытуцыі.
У аснове абвінавачванняў былі паказанні сведкаў, якія распавядалі, у прыватнасці, як іх прывозілі на «вар'яцкія вечарынкі» Дзідзі і схілялі да сэксуалізаваных кантактаў пад уздзеяннем вялікіх доз алкаголю і наркотыкаў.
Падчас суда Кэсі, не стрымліваючы слёз, казала пра тое, што Комбс прымушаў яе займацца сэксам з іншымі людзьмі, пры гэтым сам ён быў назіральнікам, здымаў працэс на відэа і пагражаў шантажаваць яе гэтымі запісамі. Яна таксама распавяла, што Дзідзі збіваў і гвалтаваў яе.
Абарона парыравала, што падабаронны проста «вёў лад жыцця свінгераў». Эпізоды хатняга гвалту адвакаты не адмаўлялі, але сцвярджалі, што агрэсія ў гэтай пары была ўзаемнай.
Другая ключавая сведка, на судзе яна выступала ананімна пад псеўданімам Джэйн, распавяла прыкладна тое ж самае, што і Кэсі — яна была ў адносінах з рэперам у 2020‑х гадах і была вымушана займацца сэксам з мужчынамі з эскорту на вачах свайго бойфрэнда і ўдзельнічаць у тых самых вечарынках.
Упершыню абвінавачванні ў гвалце з боку Комбса прагучалі яшчэ ў 2017 годзе, а ў 2023 годзе Кэсі Вентура падала свой першы пазоў. Справа аб гвалце тады была ўрэгулявана да суда.
У сакавіку 2024 года федэральныя агенты правялі ператрусы ў двух дамах, якія належаць Комбсу, у рамках расследавання справы аб гандлі людзьмі для сэксу.
Паступова ўсё больш і больш людзей абвінавацілі Комбса ў гвалце, у тым ліку сэксуалізаваным. Многія падалі грамадзянскія пазовы, пры гэтым самыя раннія эпізоды адносяцца да 1990‑х гадоў.
У верасні 2024 года Комбс быў арыштаваны. Суд адмовіўся выпусціць яго пад заклад, баючыся ціску на пацярпелых і на патэнцыйных сведкаў.
Суд над рэперам пачаўся ў маі 2025 года.