БЕЛ Ł РУС

Беларускі абаронца змяніў клуб у НХЛ

4.10.2025 / 7:25

Nashaniva.com

«Каларада Эвеланш» забраў беларускага абаронцу Ілью Салаўёва з драфту адмоваў, куды раней яго змясціў «Калгары Флэймз».

Ілля Салаўёў. фота: nhl.com/flames

Такім чынам, абаронца хакейнай зборнай Беларусі перайшоў у стан «лавін» без усялякай кампенсацыі, піша «Беларускі хакей».

У мінулым сезоне «Калгары» таксама выстаўляў яго на драфт адмоваў, але ў выніку тады Салаўёў так і застаўся ў «Калгары Флэймз», гуляючы за фарм-клуб.

У мінулым сезоне 25‑гадовы ўраджэнец Магілёва правёў 5 гульняў у Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе набраў 1 (0+1) бал, пры паказчыку карыснасці «-3».

Новы сезон у самай моцнай хакейнай лізе свету стартуе на наступным тыдні. «Каларада» ў першым матчы 7 кастрычніка згуляе з «Лос-Анджэлес Кінгз».

Малодшы брат Аляксея Протаса Ілля не здолеў пакуль замацавацца ў «Вашынгтон Кэпіталз», ён адпраўлены ў фарм-клуб — «Хершы» і будзе гуляць у Амерыканскай хакейнай лізе.

«Вашынгтон» з Аляксеем Протасам першую гульню правядзе 8 кастрычніка, яго супернікам будзе «Бостан Бруінз».

Уладзіслаў Калячонак будзе гуляць за «Далас», спрабуе замацавацца ў НХЛ Арцём Леўшуноў («Чыкага»), галкіпер Аляксей Коласаў быў адпраўлены «Філадэльфіяй» у фарм-клуб «Ліхай Вэлі Фантомс».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула