БЕЛ Ł РУС

Леў Талстой атрымаў у падарунак з Пружанаў 100 кос і адну з іх павесіў у кабінеце

4.10.2025 / 11:34

Nashaniva.com

Як вядома, расійскі пісьменнік любіў самастойна араць, касіць траву, сячы дровы.

Тая самая каса на карціне Іллі Рэпіна

У доме пісьменніка хапала розных працоўных інструментаў, але адзін з іх стаіць асобна. Гэта каса, дасланая яму з беларускіх Пружанаў, піша «Камсамолка».

У гэтыя дні ў Музеі-сядзібе «Ясная Паляна» ў Тульскай вобласці Расіі праходзіць выстава «Леў Талстой. Гаспадар і работнік».

Як вядома, Леў Мікалаевіч быў не толькі геніяльным пісьменнікам, але і памешчыкам, валодаў маёнткам, атрымаў у спадчыну 330 душ сялян. Вось з імі ён і касіў.

Пра гэтую прыхільнасць пісьменніка ведалі ўсюды ў Расіі, а тым больш рамеснікі, майстры кавальскай справы. І вось перад вялікім юбілеем Талстога, яго 80-годдзем, якое адзначалася 9 верасня 1908 года, ён атрымаў незвычайны падарунак.

19 ліпеня ў Ясную Паляну прывезлі цяжкія скрыні з беларускіх Пружанаў. Уладальнік майстэрні Лазар Фішман прыслаў Талстому да юбілею сто кос. І яшчэ набор, каб іх вастрыць.

Талстой падарунак ацаніў і напісаў Фішману ліст у адказ: «Дзякую Вам, Лазар Зелігавіч, за ваш падарунак. Мне было вельмі прыемна раздаць іх сялянам».

Распавядаюць, што дзве касы з гэтай сотні ён пакінуў для сябе.А адну з іх павесіў на сцяне свайго кабінета.

Для працы яна ніколі не выкарыстоўвалася, яна нават не была адбітая.

Тое, што яна была нейкім сімвалам для пісьменніка, стала зразумела ў трагічны 1910 год. У ноч на 28 кастрычніка, назаўсёды сыходзячы з Яснай Паляны, ён зняў яе са сцяны. Значыць, гэта было для яго вельмі важна. Магчыма, гэты прадмет быў сімвалам мінулага жыцця, з якім ён развітваўся.

Леў Талстой памёр 20 лістапада таго ж года. Соф’я Андрэеўна, жонка пісьменніка, захавала гэтую касу як памяць і апісала яе сярод іншых рэчаў пасля яго смерці.

Каса да гэтага часу захоўваецца ў музеі-сядзібе «Ясная Паляна».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула