«Жыццёвы цыкл штурмавіка — 12 дзён». Z-блогер шчыра прызнаўся, чаму не падпісвае кантракт з Мінабароны
«Пытаюся: «Ты разумееш, што табе заўтра п*****ц? Якая матывацыя?» Часцей за ўсё гучыць адказ: «Родныя атрымаюць выплаты».
Расійскія акупанты на пазіцыі. Фота: AP Photo Alexei Alexandrov
Z-блогер Уладзімір Раманаў, які мае 135 тысяч падпісчыкаў, патлумачыў чытачам, чаму не падпісвае кантракт з Міністэрствам абароны Расіі, хоць за гэта даюць каля $70 тысяч.
Ён кажа, што калі падпіша кантракт, то яго адразу адправяць у штурмавікі, хоць ён закончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію па курсе «інструктар ваеннай медыцыны», а таксама мае навыкі працы з дронамі і поўны камплект асабістага рыштунку.
«Гэта не мае значэння. У штурм. Таму што сапраўды штурмавікоў не хапае. Менавіта не хапае тых людзей, якія будуць «штурхаць» праціўніка на зямлі і трымаць нулявыя пасадкі.
Чаму ж не хапае гэтых штурмаў? Таму што камандзіры разглядаюць іх як расходны матэрыял. Ім даюць новых, а Генштаб патрабуе прасоўванняў. За прасоўванні — прэміі. Яшчэ і «авансы» трэба адпрацоўваць», — тлумачыць Раманаў.
Ён з матэматычнай дакладнасцю падлічыў жыццёвы цыкл расійскага добраахвотніка з дня падпісання кантракта да смерці. Гэта 12 дзён:
- 1 дзень: падпісвае кантракт і прыбывае на палігон;
- 2‑11 дзень: падрыхтоўка на палігоне;
- 12 (апошні) дзень: заліўка на пазіцыі.
«На гарачых участках — з двух байцоў да пазіцыі даходзіць адзін. У лепшым выпадку», — наракае Раманаў і называе прычыну масавай гібелі расійскіх штурмавікоў. Гэта ўкраінскія дроны.
Блогер кажа, што часта размаўляе з тымі, хто падпісаў кантракт:
«Пытаюся: «Ты разумееш, што табе заўтра п*****ц? Якая матывацыя?» Часцей за ўсё гучыць адказ: «Родныя атрымаюць выплаты».
«Я не падпісваю кантракт, таму што з моманту падпісання пачнецца адлік маіх апошніх 12 дзён», — падсумоўвае блогер.