Мінчукі трацяць на харчаванне амаль 40 працэнтаў даходаў
Па выніках выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця ў першым паўгоддзі сярэднія штомесячныя грашовыя выдаткі адной хатняй гаспадаркі ў Мінску дасягнулі 3 275,4 рубля, паведамляюць Мінск-навіны са спасылкай на даныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення горада Мінска.
Большая частка гэтых сродкаў — 64,8 %, або 2 123,2 рубля, — была накіравана на спажывецкія выдаткі. Астатнія грошы пайшлі на ўклады і зберажэнні, падаткі, узносы, іншыя плацяжы, а таксама на вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі.
Структура спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак склалася наступным чынам:
- 38,5 % — выдаткі на харчаванне;
- 31,4 % — пакупка нехарчовых тавараў;
- 27,9 % — аплата паслуг.
Больш дэталёвы аналіз агульных спажывецкіх выдаткаў паказаў, якія менавіта катэгорыі тавараў і паслуг былі найбольш значнымі для сямейнага бюджэту:
- прадукты — 33,5 %;
- транспарт — 12,4 % (у тым ліку паслугі грамадскага транспарту — 2,7 %);
- аплата жылля — 8,5 % (у тым ліку жыллёва-камунальныя паслугі — 5,5 %);
- ахова здароўя — 7,2 %;
- пакупка прадметаў хатняга ўжытку, бытавой тэхнікі і догляд за домам — 6,2 %;
- інфармацыя і сувязь — 5,9 %;
- пакупка адзення і абутку — 5,7 %;
- культура, адпачынак і спорт — 5,2 %;
- спіртныя напоі і тытунёвыя вырабы — 2,2 %;
- паслугі адукацыі — 1,9 %.