Навошта жанчыны колюць у твар сперму ласося? Беларуска падзялілася ўласным досведам
Беларуска ў Паўднёвай Карэі схадзіла на б'юці-працэдуру і падзялілася ўражаннямі ад ін’екцый прыгажосці.
Скрыншот відэа ў тыктоку
Мода на «экстракт ДНК ласосю» з'явілася не ўпершыню. Яшчэ ў 1970-1980‑х навукоўцы ў Карэі і Японіі пачалі даследаваць малокі ласося як крыніцу нуклеатыдаў і біяактыўных рэчываў. Першыя навуковыя публікацыі тычыліся зажыўленню тканін і стымуляцыі рэгенерацыі.
У 2000‑х у Паўднёвай Карэі гэты экстракт актыўна выкарыстоўвалі ў эстэтычнай медыцыне. У 2010‑х яго пачалі дадаваць у люксавыя крэмы, маскі, сыроваткі.
І вось у 2025 годзе мода на «ласасёвы догляд» выбухнула па ўсім свеце. Маркетолагі дзеля хайпу часта называюць працэдуру ўколамі спермы ласося — гаворка ідзе пра экстракт, які атрымоўваюць з семявай вадкасці самцоў ласося.
Працэдуру PDRN пазіцыянуюць як новы ботакс, але насамрэч працуюць яны зусім па-рознаму. Ботакс не лечыць скуру, а працуе на «замарозку» (эфект можна пабачыць даволі хутка), а PDRN павінен паляпшаць якасць скуры (яго эфект назапашвальны і бачны праз час).
Пра ўколы PDRN пачалі казаць і зоркі — напрыклад, Кім Кардаш’ян у сваім шоу распавядала пра тое, што калола ў твар сперму ласося.
На такую б’юці-працэдуру схадзіла і беларуска, якая жыве ў Паўднёвай Карэі — Дана Кім актыўна вядзе тыкток. Нядаўна яна распавяла, як хадзіла на ўколы спермы ласося.
— У Карэі гэтая працэдура вельмі папулярная. Карэянкі робяць яе, каб скура блішчала як экран тэлефона на максімальнай яркасці.
Дана вырашыла, што і ёй патрэбна ДНК рыбы, і звярнулася ў клініку. Спачатку маладой жанчыне на твар нанеслі абязбольвальны крэм, а праз 20 хвілін сталі рабіць мноства маленькіх уколаў па ўсім твары. Дана жартавала, што ў нейкі момант падумала, што ў выніку ператворыцца ў русалку — ці чырвоную рыбу.
— Адразу пасля працэдуры я сапраўды выглядала як ласось. Але ўжо праз тыдзень мая скура стала ўвільготненая, як быццам я нанесла мільён карэйскіх крэмаў.
У Мінску, дарэчы, таксама можна зрабіць уколы прыгажосці прэпаратамі, у склад якіх уваходзіць ДНК ласося. Каштаваць гэта будзе прыблізна 470 рублёў.
Чытайце таксама:
Чаму ўсё больш жанчын цяпер носяць доўгія валасы?
Сяброўка Веры Паляковай-Макей спрабуе прадаць элітны салон прыгажосці больш чым за мільён даляраў