У Польшчы ліквідавалі нелегальны ўкраінскі бізнэс, паслугамі якога скарысталіся 134 беларусы
Польскія памежнікі спынілі дзейнасць нелегальнага бізнэсу, якім кіравала група грамадзян Украіны. Як паведамляе польская Памежная служба, група займалася арганізацыяй незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы і афармленнем фіктыўных дакументаў для знаходжання іншаземцаў у Польшчы.
У ходзе расследавання польскія сілавікі затрымалі трох грамадзян Украіны.
1 кастрычніка ў горадзе Гдыня былі арыштаваныя 44‑гадовы мужчына і 42‑гадовая жанчына, якія мелі польскія дазволы на жыхарства. Падчас ператрусаў у іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны, носьбіты інфармацыі, банкаўскія карткі і камп’ютар з крыптавалютным кашальком, дзе знаходзіліся сродкі на суму больш за 6300 даляраў ЗША. Таксама знайшлі і наяўныя грошы — 22 630 злотых (каля 6200 даляраў), 4278 даляраў і 935 еўра.
У той жа дзень памежнікі з Бяшчадскага атрада ў горадзе Пшэмысль недалёка ад укранскай мяжы затрымалі яшчэ адну 51‑гадовую грамадзянку Украіны, звязаную з гэтай схемай.
Паводле матэрыялаў следства, члены групы рэгістравалі ў Польшчы фіктыўныя кампаніі, праз якія падавалі заявы аб намеры працаўладкаваць іншаземцаў. Гэта дазваляла легалізаваць уезд і знаходжанне людзей, якія фактычна не мелі законных падстаў для знаходжання ў краіне.
У выніку такой дзейнасці праз іх схемы незаконна перасеклі мяжу і атрымалі незаконную магчымасць знаходзіцца ў Польшчы 134 беларусы, 839 украінцаў і 2 грузіны.
Па рашэнні суда ўсе трое затрыманых узятыя пад варту на тры месяцы. Следства працягваецца, і магчымыя новыя затрыманні.
Чытайце таксама:
Колькасць нелегальных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы не меншае