«Мельнікава не абавязкова агентка КДБ, яна можа быць ахвярай. А Лабееў яе купіў тым, што назваўся адзінокім бацькам з дзецьмі»
З сакавіка невядома, дзе спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Былая польская контрразведчыца заявіла, што Мельнікава была агенткай КДБ і ў Польшчы «выконвала заданне». Расследавальнік The Insider не бачыць сведчанняў пра гэта — і не выключае, што Мельнікава цяпер можа быць не ў Беларусі, піша «Белсат».
Маёр контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў адстаўцы, работніца факультэту міжнародных адносінаў Беластоцкага ўніверсітэту Ганна Грабоўска-Сівец выказала ў эфіры тэлеканала «TVP Info» версію знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. На яе думку, Мельнікава прайшла падрыхтоўку, перад ёй былі пастаўленыя вельмі канкрэтныя задачы на тэрыторыі Польшчы. Кіраўнік НАУ Павел Латушка, паплечніцай якога лічылася Мельнікава, у рэпартажы «TVP Info» чарговы раз заявіў: ён не верыць, што яна была агенткай. У гэтую версію не паверыў і суаўтар расследавання, у якім выявілася, што Мельнікава сустракалася з агентам спецслужбаў Беларусі.
Шэф-рэдактар The Insider Цімур Алеўскі расказаў у «Студыі «Белсату», што яго не здзівіла заява пра сувязь Мельнікавай са спецслужбамі Беларусі — а здзівіла, што пра гэта пачалі казаць толькі цяпер і ў такіх выразах.
Алеўскі згадаў супольнае расследаванне «The Insider» і «Polityka» пра тое, што ў Мельнікавай быў хлопец Аляксей Лабееў, які меў пашпарт прыкрыцця і паводзіў сябе як куратар са спецслужбаў. Лабееў аказаўся літаральна агентам Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. «Кіберпартызаны» пазней высветлілі, што Лабееў з жонкай займаюцца контрвыведнай дзейнасцю, што ён з іншымі агентамі займаліся правакацыямі супраць беларускіх апазіцыянераў, у тым ліку інсцэнізацыяй замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка.
Выявілася таксама, што Лабееў валодаў спецыяльнымі тэхнікамі пікапу — заляцання да дзяўчат. Алеўскі адзначыў, што агулам у пікап не верыць, але гэта тэхніка, якая дазваляе разняволена паводзіцца з людзьмі супрацьлеглага полу і дапамагае маніпуляваць людзьмі. Адна з крыніцаў Алеўскага распавяла, што бачыла, як Лабееў пазнаёміўся з Мельнікавай у чаце, калі яна яшчэ была ў Беларусі, і зачараваў яе аповедамі пра тое, «які ён цудоўны чалавек».
«Розным жанчынам у розных чатах ён даваў розную легенду, — пераказвае Алеўскі словы крыніцы пра Лабеева. — Перад кімсьці ён выступаў жарсным лавеласам, а адносна Анжалікі паводзіўся адзінокім бацькам з дзецьмі, які разам з ёй абмяркоўваў пытанні выхавання дзяцей».
Лабееў ужо ў 2021 годзе быў у атачэнні Мельнікавай — у момант яе з’яўлення ў Польшчы. Пры тым у Мельнікавай тады яшчэ быў муж, які рэгулярна ездзіў у Беларусь. Грабоўска-Сівец выказала здагадку, што муж Мельнікавай мог быць «формай сувязі».
Алеўскі не настойвае на тым, што Мельнікава даўно ведала, што Лабееў — агент. Але ж яна яшчэ да ад’езду з Беларусі ведала яго асабіста. Алеўскі адзначае, што вакол Мельнікавай «даўно вілі сетку» — і магчыма, што ў нейкі момант «зацягнулі пятлю на шыі», прымусілі супрацоўнічаць. Ён звяртае ўвагу на словы Грабоўскай-Сівец, з якіх можна зрабіць выснову: «Мельнікава — не ахвяра, а суўдзельніца». Алеўскі такіх звестак не мае.
Сярод тых, хто шукае Мельнікаву, сузаснавальнік фондаў «By_help» і «Байсол» Аляксей Лявончык, які нават абвяшчаў грашовую ўзнагароду за звесткі, што дапамогуць у пошуку. Ён расказваў «Белсату», што атрымліваў шэраг відэа, на якіх нібы Мельнікава. Але з гэтых відэа немагчыма было вызначыць асобу або лакацыю. Алеўскі прызнае, што і ягоная каманда не змагла вызначыць, дзе цяпер Мельнікава.
Шлях губляецца ў Дубаі, дзе яна была ў гатэлі разам з дзецьмі, расказвае Алеўскі. Незразумела, куды яна зляцела. Можа, і ў Беларусь, у Нясвіж, але пра гэта ёсць толькі чуткі, якія немагчыма пацвердзіць.
«Я думаю, што калі б яна хадзіла па Нясвіжы, гэта было б больш, чым чуткі, — лічыць Алеўскі. — Мяркуючы па тым, што нічога акрамя чутак няма, у мяне ёсць здагадка, што іх распаўсюджваюць тыя ж супрацоўнікі КДБ з нейкіх прычынаў».
Варыянтаў шмат, разважае ён: можа, яе выкарыстоўваюць як агентку дзесьці яшчэ; можа, яе не змаглі прывезці ў Беларусь; можа, у яе лёсе адбываецца яшчэ нешта дзіўнае. Але ніякіх слядоў гэтага не з’явілася.
У польскай выведкі, адзначае Алеўскі, больш магчымасцяў, чым у журналістаў-расследавальнікаў: выведнікі мусілі б мець магчымасць сачыць за пераходам межаў. Але магчыма, што з Дубаю Мельнікава перамясцілася на тэрыторыю Садружнасці незалежных дзяржаваў, і таму польская выведка не можа атрымаць звесткі пра межы. А калі б польская выведка ведала, што Мельнікава знаходзіцца ў Беларусі і супрацоўнічала з КДБ, то казала б пра гэта больш упэўнена, лічыць Алеўскі. А калі не кажа, то, лічыць ён, польская выведка таксама не ведае, дзе Мельнікава: ці яна ўцякла ад КДБ, ці ўдзельнічае ў іншай аперацыі, ці яе пакінулі ў спакоі.
«Мы з рознымі крыніцамі размаўлялі, — згадвае Алеўскі. — З людзьмі, якія яе вельмі блізка асабіста ведалі. І ў тым ліку ў мяне быў чалавек, крыніца, які з ёй размаўляў абсалютна дакладна — я не сумняюся — ужо пасля яе знікнення. І ён мне вельмі пераканаўча спрабаваў сказаць, што яна добры чалавек і не стала кепскім чалавекам, як пра яе думаюць. Ніякіх доказаў гэтаму чалавек прывесці не змог, але гэтую эмацыйную размову я вельмі добра запомніў».
Гэтая размова стала для Алеўскага добрай падставай працягнуць пошукі, а не рабіць заўчасныя высновы. Ён усё яшчэ лічыць: ёсць даволі вялікая імавернасць таго, што Мельнікава не ў Беларусі. І польская выведка, мяркуе ён, таксама можа так думаць.
***
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь. Дзе яна і што з ёй, няма інфармацыі.
Афіцыйна было заяўлена пра яе знікненне 28 сакавіка.
Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаўнта былі спампаваныя дакументы, якія датычацца працы арганізацыі.
У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч долараў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лётала на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.