БЕЛ Ł РУС

Ігар Бокій атрымаў ад дзяржавы больш за $1 мільён прызавых — а цяпер вырашылі, што ён занадта здаровы для Паралімпіяды

7.10.2025 / 14:6

Nashaniva.com

Самы тытулаваны плывец у гісторыі Паралімпіяд сярод мужчын — беларус Ігар Бокій — больш не зможа браць удзел у Паралімпійскіх гульнях. Пра гэта паведаміў генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка ў эфіры СТБ.

Ігар Бокій. Фота: Dean Mouhtaropoulos / Getty Images

Паводле слоў Шудзейкі, прычына — змена міжнародных правіл спартыўна-медыцынскай кваліфікацыі.

З 2024 года для зімовых і з 2025 года для летніх відаў спорту ўведзены новы класіфікацыйны кодэкс. Згодна з ім, адна з найбольш распаўсюджаных прычын парушэння зроку — высокая ступень міяпіі (блізарукасці) — больш не ўваходзіць у спіс захворванняў, якія дазваляюць атлетам удзельнічаць у Паралімпіядзе.

Як адзначыў Шудзейка, гэтае новаўвядзенне ўдарыла і па Ігару Бокію, які цяпер страціў магчымасць выступаць на міжнародным паралімпійскім узроўні.

Ён таксама паведаміў, што Бокій разглядае магчымасць заняцца трэнерствам, хоць для гэтага неабходна атрымаць адпаведную адукацыю — на сёння ён мае дыплом юрыста. Але і спартыўным функцыянерам ён можа стаць, дадаў Шудзейка.

Ігару Бокію 31 год. Ён удзельнічаў у чатырох Паралімпійскіх гульнях і заваяваў 21 залаты медаль. На Паралімпіядзе ў Парыжы ў 2024 годзе спартсмен атрымаў пяць узнагарод. У 2024 годзе яго адзначылі ордэнам Айчыны II ступені.

Агулам ён атрымаў ад Беларусі прызавымі 1 мільён і 26 тысяч даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула