БЕЛ Ł РУС

Латвія прыпыняе нерэгулярныя аўтобусныя паездкі з Беларусі і Расіі

7.10.2025 / 14:35

Nashaniva.com

З 1 лістапада 2025 года ў Латвіі ўводзіцца забарона на міжнародныя нерэгулярныя аўтобусныя перавозкі праз мяжу з Беларуссю і Расіяй. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка 2026 года. Такое рашэнне ўрад краіны прыняў 7 кастрычніка.

Фота: Дзяржаўны мытны камітэт

Забарона закране ўсе кампаніі перавозчыкаў, незалежна ад формы ўласнасці і краіны рэгістрацыі транспартнага сродку.

Пад абмежаванне трапляе пункт пропуску «Патарніекі» (з беларускага боку — «Грыгораўшчына»), а таксама на мяжы з Расіяй — «Грэбнева» і «Церахава».

Як адзначылі ў міністэрстве транспарту, мера прынята «ў сувязі з цяперашняй геапалітычнай сітуацыяй і рэкамендацыямі ўрада Латвіі грамадзянам устрымацца ад паездак у Беларусь і Расію». Паводле яго, у апошні час назіраецца рост нерэгулярных арганізаваных аўтобусных паездак і заторы на памежных дарогах, што стварае дадатковыя рызыкі для бяспекі краіны.

Міністр падкрэсліў, што такая сітуацыя можа садзейнічаць нелегальнай міграцыі, разведвальнай дзейнасці замежных спецслужбаў і вярбоўцы грамадзян, таму неабходна ўвесці жорсткія меры кантролю.

Пры гэтым рэгулярныя пасажырскія маршруты, якія арганізуюцца на падставе міжурадавых пагадненняў і латвійскага заканадаўства, пакуль застануцца дзейнымі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула