Колькі сяброў можа быць у чалавека ў эпоху сацсетак? Навуковец падлічыў
Наш мозг эвалюцыяніраваў для сацыялізацыі, аднак памер нашых сацыяльных сувязяў застаецца абмежаваным, нягледзячы на тэхналогіі. Чаму так, разбіралася The Wall Street Journal.
Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo
Пры сваёй адносна невялікай вазе чалавечы мозг з'яўляецца самым энергазатратным органам у нашым целе. Ён спажывае ажно 20% усёй энергіі і займае непрапарцыйна вялікую частку нашай анатоміі ў параўнанні з большасцю іншых жывёл. У чым прычына такой раскошы?
Паводле адной з навуковых гіпотэз, наша складаная нервовая сістэма развілася менавіта для таго, каб мы маглі падтрымліваць шматлікія і разгалінаваныя сацыяльныя сувязі. Здаецца, людзі проста створаныя для стасункаў.
Мозг чалавека вагой каля 1,4 кілаграма складае ўсяго 2% ад масы цела, але тры чвэрці гэтага органа займае неакортэкс — вобласць, якая адказвае за такія складаныя функцыі, як памяць, мова, рашэнне праблем і самасвядомасць. Гэтыя здольнасці дазваляюць нам арыентавацца ў складаных стасунках у сям'і, сярод сяброў, у спартыўных камандах і на працы. А развіццё шырокай сеткі кантактаў прыносіць карысць здароўю.
Даследаванні паказваюць, што людзі з большай колькасцю сацыяльных сувязяў маюць вышэйшыя паказчыкі выжывальнасці, а таксама зніжаную рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, інсульту, дыябету 2‑га тыпу, дэпрэсіі і нават дэменцыі.
Аднак, па словах брытанскага псіхолага Робіна Данбара, высокія кагнітыўныя выдаткі на падтрыманне гэтых карысных сувязяў накладаюць ліміт на колькасць стабільных стасункаў, якія мы можам падтрымліваць.
Каб лепш зразумець гэтыя абмежаванні, Данбар даследаваў нашых сваякоў — малпаў, лемураў і чалавекападобных малпаў — і знайшоў сувязь паміж памерам неакортэкса кожнага прымата і памерам яго сацыяльнай групы.
Даныя паказалі выразную залежнасць: чым большы неакортэкс, тым большая сацыяльная група. Данбар выявіў, напрыклад, што ў шымпанзэ сярэдні памер групы — каля 50 асобін.
Максімум — 150
На аснове гэтых даных ён пралічыў верагодны памер і для чалавечых сацыяльных груп. Адказ аказаўся нечаканым і дакладным: 150.
Гэтая лічба, на думку Данбара, застаецца нязменнай з часоў з'яўлення нашага віду, нават у сучасную лічбавую эпоху. Каб праверыць сваю тэорыю, даследчык аналізаваў гістарычныя тэксты, археалагічныя даныя і нават вывучаў царкоўныя абшчыны.
Ён знайшоў пацвярджэнне ліку 150 у самых розных супольнасцях: ад сетак сваяцтва паляўнічых-збіральнікаў і паселішчаў бронзавага веку да англасаксонскіх вёсак у сярэднявечнай Еўропе да сучасных супольнасцяў.
Як і ў іншых прыматаў, чалавечыя стасункі іерархічныя. Данбар параўноўвае іх з коламі на вадзе. У самым цэнтры, у найбліжэйшым коле, знаходзяцца ўсяго пяць чалавек — гэта самыя блізкія сябры або сваякі, з якімі ў вас наймацнейшая эмацыйная сувязь. Гэта тыя, каму вы можаце «паплакацца ў камізэльку» і з кім кантактуеце хаця б раз на тыдзень.
Наступнае кола пашыраецца, дадаючы яшчэ дзесяць добрых сяброў, якіх вы бачыце прынамсі раз на месяц. На гэтых 15 чалавек з абодвух колаў прыпадае каля 60% усёй вашай сацыяльнай увагі.
Далей ідзе група, якую можна назваць «кампаніяй для шашлыкоў на выходных» — яна ўключае ў сябе папярэдніх 15 чалавек і пашыраецца да 50. І, нарэшце, знешняе кола даводзіць агульную колькасць да 150. Гэта людзі, якіх вы б запрасілі на вялікае жыццёвае свята, напрыклад, вяселле, ці тыя, каго вы б не саромеліся павітаць, нават калі б выпадкова сутыкнуліся з імі а 3‑й гадзіне ночы ў аэрапорце далёкага шматлюднага горада.
Калі кантакт з кімсьці з гэтых колаў становіцца радзейшым, гэты чалавек, па словах Данбара, «непазбежна апускаецца на ніжэйшыя ўзроўні, а праз некалькі гадоў выпадае з вашай «сонечнай сістэмы» і становіцца проста знаёмым».
Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo
Гэта такія людзі, як барыста з кавярні побач ці большасць калег па працы. Магчыма, вы б выпілі з імі піва час ад часу, але ніколі б не запрасілі іх дадому.
Па падліках Данбара, акрамя 150 блізкіх людзей, у нас ёсць яшчэ каля 350 знаёмых. А пазнаць у твар мы можам яшчэ каля 1000 чалавек. Напрыклад, вядомага палітыка ці акцёра. Але гэтыя адносіны ўжо аднабаковыя — вы іх ведаеце, а яны вас, хутчэй за ўсё, не. Ключавая асаблівасць «кола 150» у тым, што гэтыя адносіны ўзаемныя.
А што думаюць іншыя навукоўцы?
Аднак не ўсе навукоўцы згодныя з гэтай лічбай. У 2021 годзе група шведскіх даследчыкаў выказала меркаванне, што 150 — гэта заніжаная ацэнка. Яны сцвярджаюць, што грамадства людзей і прыматаў развіваецца па-рознаму.
У прыматаў даступнасць ежы і рызыка нападу драпежнікаў — вельмі важныя фактары, якія абмяжоўваюць памер групы. Людзі ж, наадварот, могуць збірацца ў велізарныя групы на стадыёнах ці канцэртах, а потым вяртацца дадому да цалкам забітых лядоўняў. Гэта, на думку крытыкаў, павінна дазваляць нам мець значна большыя сацыяльныя сеткі.
Здавалася б, у эпоху Facebook, Instagram і Telegram мы маглі б лёгка прабіць «столь» у 150 чалавек. Але Данбар лічыць, што сацсеткі істотна не змянілі ні памер, ні якасць нашых сувязяў. Калі паглядзець на частату пастоў, тэлефонных званкоў ці асабістых сустрэч, мы ўбачым усё тыя ж іерархічныя колы.
Што сапраўды зрабілі сацыяльныя платформы, дык гэта дазволілі нам даўжэй утрымліваць людзей на пэўным узроўні стасункаў, запавольваючы іх пераход у катэгорыю знаёмых.
Чытайце таксама:
Людзі, якія рэгулярна вітаюцца з суседзямі, маюць вышэйшы паказчык дабрабыту