БЕЛ Ł РУС

«Ён не збег, а пабег да мяне ў радзільню». Смяротнае ДТЗ на вуліцы Леніна ў Мінску

8.10.2025 / 10:32

Nashaniva.com

Вечарам 7 мая на скрыжаванні вуліцы Леніна з праездам да Кастрычніцкай у Мінску адбылася аварыя. Сутыкнуліся Audi і Volkswagen.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, 43‑гадовы кіроўца Audi, рухаючыся па вуліцы Леніна, праехаў на чырвонае праз скрыжаванне з мясцовым праездам, які злучае вуліцы Леніна і Кастрычніцкую. У выніку ён сутыкнуўся з Volkswagen пад кіраваннем 51‑гадовага мужчыны, які пачаў рух на зялёнае. Ад удару Volkswagen выехаў за межы праезнай часткі і ўрэзаўся ў асвятляльную мачту, а Audi апынуўся на сустрэчнай», — расказалі ў ДАІ Мінска.

«Кіроўцу Volkswagen і пасажыра Audi даставілі ў бальніцу для абследавання», — паведамілі інспектары.

Следствам было ўстаноўлена, што кіроўца Audi знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення і ехаў з хуткасцю 130 км/г пры дазволенай 60 км/г.

У выніку ДТЗ ад атрыманых траўмаў у бальніцы памёр прыяцель абвінавачанага, які ехаў з ім і не быў прышпілены. Кіроўца таксі атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх па прыкмеце небяспекі для жыцця, гаворыцца ў матэрыялах справы.

— Пасля аварыі абвінавачаны не аказаў дапамогу пацярпелым, а кінуў аўтамабіль і ўцёк з месца здарэння. На наступны дзень віноўнік аварыі сам звярнуўся ў органы ўнутраных спраў, — паведамляе Генеральная пракуратура.

43‑гадоваму мінчаніну інкрымінаваныя парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць і прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама заведамае пакіданне пацярпелага ў небяспечным для жыцця і здароўя стане. Справа накіравана ў суд. У дачыненні да абвінавачанага ўжыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

З рэдакцыяй Onliner звязалася дзяўчына, якая прадставілася жонкай кіроўцы Audi. Яна запэўнівае: яе муж не мог быць п'яны, бо дзяўчына была з ім побач і да аварыі, і пасля яе.

— Да ДТЗ мы разам з мужам знаходзіліся ў радзільні, разам пражывалі ў палаце. У нейкі момант ён выйшаў пагаварыць з сябрам, той папрасіў падвезці яго — так і трапілі ў аварыю.

Пасля ДТЗ муж у стане шоку пабег да мяне ў радзільню. Я разумею яго стан: спачатку ён прысутнічаў на родах, першым узяў дзіця на рукі… Потым бац — і такое. Не ведаю, што б я рабіла ў гэтай сітуацыі і куды бегла б. Тое, што муж быў цвярозы, — гэта я з упэўненасцю магу сказаць.

Больш за тое, у РУУС ён з'явіўся не праз суткі, а праз пару гадзін. Так, ён вінаваты, на жоўтае святло «даў у педаль», каб праскочыць скрыжаванне, а там таксіст. Але «п'янага руля» там не было.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула