У Беларусі істотны дэфіцыт работнікаў. Чаму ўлады не могуць вырашыць праблему?
Праблема з недахопам працоўнай сілы ў Беларусі адчуваецца не першы год. Спыталі ў эканаміста, як гэта ўплывае на эканоміку і якія метады могуць дапамагчы.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Вакансіі — не адзіны паказчык
У рэспубліканскім банку вакансій цяпер налічваецца больш за 177 тысяч вакансій. Год таму ў той жа перыяд было каля 165 тысяч, а два гады таму — 138 тысяч. Аднак не толькі гэты паказчык сведчыць пра тое, што ў Беларусі застаецца праблема з кадрамі.
«Высокі ўзровень дэфіцыту кадраў таксама праглядаецца ў росце заробкаў. Нягледзячы на тое, што тэмпы росту знізіліся, яны ўсё адно працягваюць расці, моцна апярэджваючы як рост ВУП, так і рост прадуктыўнасці працы»,
— звяртае ўвагу дырэктар BEROC Леў Львоўскі.
Вынікі апытанняў прадпрымальнікаў таксама сведчаць пра тое, што праблема з кадрамі — адна з найбольш важных праблем, на якія скардзіцца бізнэс.
«Пакуль што ўсе адносна эфектыўныя захады, якія прадпрымаліся, мелі вельмі малы эфект. Сярод добрых ініцыятыў можна назваць змены ў заканадаўстве, калі ад пачатку года пенсіянерам дазволілі працаваць і адначасова атрымліваць пенсію ў поўным памеры», — кажа эканаміст.
Больш выгадныя ўмовы працы для пенсіянераў у выніку прыцягнулі на рынак працы некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Аднак гэтай меры недастаткова.
«Што тычыцца пакістанцаў, якія нібыта мусілі дзясяткамі тысяч прыехаць на працу ў Беларусь, то іх ніхто так і не давёз. Выглядае, што гэтае пытанне пастаўлена на паўзу», — лічыць Львоўскі.
На думку эксперта, калі з Пакістана на працу ў Беларусь і прыязджаюць, то размова ідзе пра сотні, а не дзясяткі тысяч чалавек. Таму па выніках года галоўнай крыніцай міграцыі традыцыйна застанецца Туркменістан.
Простае рашэнне складанай праблемы
«Ва ўрадзе намагаюцца нешта прадпрымаць, каб вырашыць праблему з дэфіцытам кадраў, але сапраўды дзейсных захадаў, якія маглі б вырашыць праблему, усё яшчэ няма», — кажа Львоўскі і дадае, што праблема дэфіцыту дынамічная і дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі яе толькі пагаршае.
Сярод дзейсных метадаў, якія сапраўды маглі б палепшыць сітуацыю з недахопам кадраў, эканаміст называе спыненне рэпрэсій. Гэта дазволіла б частцы беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай міграцыі, вярнуцца ў краіну і заняць сваё месца на рынку працы. У выпадку з дзяржаўным сектарам дадаецца той фактар, што на працу не прымаюць людзей, да якіх улады маюць пытанні па 2020 годзе.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Частка метадаў, якія маглі б прынамсі часткова вырашыць праблему з недахопам працоўнай сілы, лёгкія і ўсім вядомыя, але гэта ўжо пытанне палітычнае, а палітыка ў нас усё яшчэ вышэйшая за эканоміку», — кажа Львоўскі.
Якія наступствы нясе праблема з кадрамі?
Для шараговых грамадзян сітуацыя, якая склалася апошнімі гадамі на рынку працы, выглядае пазітыўнай, бо зарплата і разам з ёй рэальныя даходы насельніцтва растуць.
Але для ўстойлівага развіцця эканомікі добра, калі зарплаты растуць разам з прадукцыйнасцю працы, а не адрываюцца і моцна апераджаюць яе.
«Пры ідэальным раскладзе такая сітуацыя дасць бізнэсу і прадпрыемствам час адаптавацца. Калі прадпрымальнік бачыць, што кошт працы пачынае расці без усялякай прывязкі да прадукцыйнасці працы, то ён пачынае інвеставаць у працазамяшчальныя або працазберагаючыя тэхналогіі. Простымі словамі, робіць так, каб аптымізаваць працоўны працэс.
У нармальнай сітуацыі гэта ўсё вылілася б ў інфляцыю. Бізнэс бачыць больш дарагую працоўную сілу, якая не пачынае вырабляць больш, таму ён проста пачынае падымаць цану на сваю прадукцыю.
Але паколькі мы жывём у ненармальнай сітуацыі, калі павышаць цэны цяжка, паколькі цэны на многія тавары рэгулююцца адміністратыўнымі метадамі, у выніку з'яўляюцца іншыя негатыўныя працэсы, калі ў прадпрыемстваў спачатку падае прыбытак, а потым яны пачынаюць праядаць абаротны капітал.
Дзяржаўныя прадпрыемствы пачынаюць браць крэдыты для выплаты заробкаў, і ў выніку некаторыя прадпрыемствы банкрутуюць», — кажа эксперт.
Час выправіць памылкі яшчэ ёсць
Львоўскі адзначае, што калі своечасова паслабіць кантроль за цэнамі, то будзе менш разарэнняў, але большая інфляцыя. Пры гэтым, на думку эксперта, калі нейкія меры па стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі падзейнічаюць, то атрымаецца вырашыць праблему па абодвух напрамках.
«Гэта не аднамомантная з'ява, што ў нас не хапае людзей і мы ўсе збанкрутуем. Гэта расцягнуты працэс, таму ў нас яшчэ ёсць час. Пытанне ў тым, як мы скарыстаемся гэтым часам.
Даўно было зразумела, што ў Беларусі ёсць праблемы з дэмаграфіяй, але ўрад афіцыйна заклапаціўся гэтымі пытаннямі толькі год-паўтара таму. Пры гэтым нейкіх сур’ёзных рашэнняў за гэты перыяд усё яшчэ не прынялі і не ажыццявілі».