БЕЛ Ł РУС

У Германіі адмовіліся ад ідэі даваць грамадзянства за тры гады

9.10.2025 / 7:54

Nashaniva.com

Папраўкі ў міграцыйнае заканадаўства ФРГ, якія адмяняюць права на атрыманне пашпарта Германіі пасля трох гадоў пражывання ў краіне пры асаблівых дасягненнях у сферы інтэграцыі, атрымалі падтрымку Бундэстагу.

Берлін. Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images

Законапраект, які прадугледжвае адмену права на атрыманне грамадзянства ФРГ па паскоранай працэдуры — за тры гады, быў падтрыманы бундэстагам падчас галасавання ў сераду, 8 кастрычніка, піша Deutsche Welle.

Адмена права на паскоранае атрыманне грамадзянства ФРГ прапісана ў кааліцыйнай дамове блока хрысціянскіх партый ХДС/ХСС і Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі.

У канцы мая кіраўнік МУС Германіі Аляксандр Добрынт назваў памылкай «экспрэс-натуралізацыю пасля трох гадоў пражывання ў Германіі» і паабяцаў, што новы ўрад «пакладзе гэтаму канец». У інтэрв’ю Bild ён удакладніў тады, што спадзяецца, што змяненне заканадаўства дасць магчымасць скараціць колькасць хадайніцтваў аб прытулку ў краіне.

«Экспрэс-натуралізацыя стварыла дадатковыя ілжывыя стымулы для нелегальнай міграцыі. Мы ліквідуем гэтыя фактары прыцягнення», — сказаў Добрынт.

Для прыняцця закона аб адмене паскоранай натуралізацыі адпаведныя папраўкі ў міграцыйнае заканадаўства павінен прыняць не толькі бундэстаг, але і бундэсрат — прадстаўніцтва федэральных зямель ФРГ.

Закон «святлафорнай кааліцыі» аб «экспрэс-натуралізацыі»

Паводле закона, прынятага папярэднім урадам Германіі і які ўступіў у сілу ў чэрвені 2024 года, грамадзянства ФРГ можна было атрымаць пасля трох гадоў пражывання ў краіне ў выпадку «асабліва станоўчых інтэграцыйных дасягненняў». Ідзе гаворка канкрэтна пра асаблівыя поспехі ў школе або на працы; удзел у грамадскай працы, напрыклад, у пажарнай дружыне або ў сацыяльнай сферы; здольнасць утрымліваць сябе і членаў сям’і; валоданне нямецкай мовай на ўзроўні С1. Акрамя гэтага, заставаліся агульныя патрабаванні — трэба было прайсці тэст на веданне прававога і грамадскага ладу Германіі, не мець канфліктаў з законам.

Колькасць заявак на атрыманне нямецкага грамадзянства ў апошнія гады расла. Так, у 2023 годзе іх было пададзена больш за 200 тысяч. Адна з прычын прывабнасці нямецкага пашпарта ў тым, што ён дае магчымасць падарожнічаць без візы ў большасць краін свету.

Натуралізаваныя замежнікі могуць страціць грамадзянства ФРГ на працягу 10 гадоў з моманту атрымання пашпарта. Гэта прадугледжана ў выпадках, калі, напрыклад, пры падачы заявы былі пададзены ілжывыя звесткі.

Іншыя змены, унесеныя ў закон аб грамадзянстве папярэднім урадам, у тым ліку права на натуралізацыю праз пяць гадоў і магчымасць мець падвойнае грамадзянства, застаюцца ў сіле.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула