З'явіліся вынікі апытання пра стаўленне беларусаў да вайны Расіі з Украінай
Паводле звестак сацыялагічнага апытання, праведзенага міжнароднай экспертнай сеткай iSANS сёлета ў верасні, 69% беларусаў выступаюць за пачатак мірных перамоў паміж Расіяй і Украінай і заканчэнне вайны, паведамляе «Радыё Свабода». За працяг вайны — толькі 9%.
Фота ілюстрацыйнае. Скрыншот з відэа
Пры гэтым з мінулага года на 3% зменшылася колькасць тых, хто не падтрымлівае дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне. Беларусаў з такой пазіцыяй цяпер 34%, а тых, хто дзеянні расійскіх вайскоўцаў падтрымлівае, — 27% (летась было 26%).
Астатнія 39% не далі пэўнага адказу на гэтае пытанне, што, на думку сацыёлагаў, сведчыць пра адчужанае стаўленне гэтай часткі грамадства да вайны ва Украіне.
Для параўнання, у Расіі падтрымліваюць дзеянні расійскіх войскаў 78% (15% не падтрымліваюць). За мірныя перамовы выступаюць 66% расіян. За працяг вайны — 27%, паводле апытання «Левада-цэнтра».
iSANS — міжнародная ініцыятыва экспертаў з розных краін, накіраваная на выяўленне, аналіз і супрацьдзеянне гібрыдным пагрозам дэмакратыі, вяршэнству закона і суверэнітэту краін Заходняй, Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і Еўразіі. Заснаваная ў 2018 годзе.
Чытайце таксама:
Коршунаў: Частка грамадства ўспрымае рэжым як акупацыйны
У Гомельскай вобласці рэпрэсуюць за ўдзел у апытанні пяцігадовай даўніны
Пасля 2022 года сярод студэнтаў БДУ стала менш абыякавых да беларускай мовы