У Беларусі адкрылі першую капліцу ў межах акцыі ветэранаў ФСБ — на малой радзіме Алеся Пушкіна
Праект «Маўклівае рэха вайны» быў ініцыяваны ў Расіі ў другой палове 2000‑х ветэранамі ваеннай контрразведкі і ФСБ. Але дагэтуль такія капліцы ставілі толькі ў Расіі, піша Беларускі інстытут публічнай гісторыі.
У межах праекта ветэранаў ФСБ па ўсёй Расіі паспелі ўсталяваць 19 капліц у памяць пра загінулых у часы Другой сусветнай байцах.
20‑ю капліцу адкрылі ў канцы верасня ў Крупскім раёне каля мястэчка Бобр на месцы гібелі ў 1944 годзе байца «Смерш» Васіля Чабатарова.
Тэлеканал СТВ памылкова паведаміў, што ён з'яўляецца ўраджэнцам Крупскага раёна, але насамрэч ён нарадзіўся ў РСФСР. Тыпавая капліца ўпрыгожана георгіеўскім крыжом, знакам адрознення часоў Расійскай імперыі, і праваслаўнымі іконамі.
На гэтым жа месцы даўно ўсталяваны помнік Васілю Чабатарову, а ў самім Бабры стаіць бюст герою Савецкага Саюза. У 2006 годзе паведамлялася, што на бюсце Чабатарова знайшлі ўлёткі з тэкстам «Далоў рускіх акупантаў з дзяржаўных пасадаў незалежнай Рэспублікі Беларусь!», пасля чаго быў затрыманы мастак і мясцовы жыхар Алесь Пушкін.