Пяскоў папярэдзіў Малдову аб паўтарэнні памылак «адной дзяржавы»
Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў памылкай спробы Малдовы зрабіць з Расіі антаганіста.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Фота: Getty Images
Малдова цяпер паўтарае памылкі «адной дзяржавы», спрабуючы стварыць з Расіі ворага, лічыць прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.
Так Пяскоў пракаментаваў новую ваенную стратэгію Кішынёва на перыяд з 2025 па 2035 год, у якой улады назвалі Расію «галоўнай пагрозай». Адной з ваенных рызык аўтары дакумента называюць ваенную аперацыю ва Украіне і дапускаюць «магчымасць яе распаўсюджвання».
«Лічаць, што курс на выбудоўванне адносін з Еўропай азначае поўную антаганізацыю Расіі. Гэтую памылку ўжо адна дзяржава рабіла. Нічога добрага гэта не прынесла гэтай адной дзяржаве», — сказаў Пяскоў.
Якую менавіта «адну дзяржаву» ён мае на ўвазе, ён не ўдакладніў.
28 верасня ў Малдове прайшлі выбары ў парламент. На іх перамагла праеўрапейская партыя PAS. Прэзідэнт Мая Санду, раней неаднаразова абвінавачвала Маскву ў умяшанні ў справы Малдовы.
Пяскоў з гэтай нагоды дадаў, што, «утрымаўшыся ва ўладзе, яны працягваюць недружалюбную лінію» ў дачыненні да Масквы. «Тут можна толькі выказаць шкадаванне», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
Беларус у Сербіі рыхтаваў прарасійскіх актывістаў для дэстабілізацыі ў Малдове
Малдова паказала, як Пуціну і Лукашэнку можна даваць па зубах і ў гібрыднай вайне