У Беларусі пачаўся другі этап праверкі Узброеных Сіл
З 6 кастрычніка Савет бяспекі праводзіць раптоўную праверку шэрагу воінскіх частак і злучэнняў Узброеных Сіл. Цяпер распачаўся другі этап — з маршавымі перасоўваннямі, пераправамі і баявымі стрэльбамі.
Усе фота: Яўген Лапушка / «Ваяр»
На першым этапе танкавыя і механізаваныя падраздзяленні былі прыведзены ў баявую гатоўнасць, укамплектаваны і рушылі ў раёны, дзе на працягу трох сутак абсталёўвалі пазіцыі.
Вайскоўцы адпрацоўвалі тактычную маскіроўку, інжынерныя работы, ахову ад паветраных і наземных пагроз, у тым ліку ад ДРГ.
На другім этапе падраздзяленні здзяйсняюць марш у новыя раёны прызначэння, у тым ліку з пераадоленнем водных перашкод па пантонных пераправах.
Асобна правяраліся інжынерныя часці Паўночна-Заходняга камандавання — на здольнасць хутка арганізоўваць пераправы і забяспечваць іх прыкрыццё.
Ваеннаслужачыя павінны выканаць кантрольныя стрэльбы і іншыя практыкаванні па агнявой, інжынернай і тактычнай падрыхтоўцы, паказаць фізічную вынослівасць.
Па словах дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, асабовы склад паказвае «высокія прафесійныя навыкі», і праверка дазволіць ацаніць, наколькі эфектыўнай была падрыхтоўка цягам навучальнага года.