БЕЛ Ł РУС

У Крупках моцны вецер зрываў дахі са шматпавярховікаў

12.10.2025 / 20:5

Nashaniva.com

Над Крупкамі сёння пранёсся моцны ўраганны вецер, які літаральна зрываў дахі з будынкаў, піша «Мінская праўда».

Па інфармацыі сведкаў, прыкладна а 16‑й гадзіне парывы ветру пашкодзілі дахі як мінімум двух шматпавярховых дамоў — на завулку Магістральным, 7 і на вуліцы Чарняхоўскага, 17. Сведкі расказваюць, што гук трэску быў вельмі моцны. Перад тым надвор’е было звычайным асеннім — з лёгкім дажджом, а потым раптоўна ўзняўся моцны вецер.

Улады горада просяць жыхароў па магчымасці не падыходзіць блізка да пашкоджаных будынкаў, бо дамы цяпер паўразабраныя. Намесніца старшыні Крупскага райвыканкама Ірына Шаблоўская адзначыла, што адміністрацыя і аварыйныя службы ўжо прыступілі да ліквідацыі наступстваў урагану. Найперш робіцца ўсё для бяспекі жыхароў: абгароджваюцца небяспечныя зоны, часова аднаўляецца дахавае пакрыцце, прыбіраюцца канструкцыі, якія ўпалі.

Далей плануецца аднаўленне інфраструктуры і фасадаў. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца спецыяльныя пад’ёмныя механізмы і вышкі, праца якіх будзе арганізавана днём і з улікам надвор’я, каб забяспечыць бяспеку як рабочых, так і жыхароў. Ацэнка памеру шкоды праводзіцца аператыўнымі групамі.

Чытайце таксама:

На нядзелю абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцнага ветру

У панядзелак чакаецца мокры снег

У Беларусь прыйдзе дажджлівае надвор'е, а потым яшчэ больш пахаладае

Каментары да артыкула