Два расійскія дроны ўпалі ў Брагінскім раёне, адзін выбухнуў
Два расійскія дроны ўпалі ў гарадскім пасёлку Камарын у Брагінскім раёне, піша выданне «Флагшток». Здарэнне адбылося 1 кастрычніка, аднак праз забарону на распаўсюд інфармацыі вядома пра гэта стала толькі зараз.
Ілюстрацыйны здымак. Фоат: Anton Petrus / Getty Images
1 кастрычніка расійскія БпЛА ўпалі ў памежным гарадскім пасёлку Камарын Брагінскага раёна, піша «Флагшток».
У той дзень маніторынгавыя каналы паведамлялі пра расійскія дроны ў паветранай прасторы Беларусі падчас чарговай расійскай масіраванай атакі. У 16:55 тэлеграм-канал «еРадар» праінфармаваў, што каля Хойнікаў у кірунку Жытомірскай вобласці Украіны рухаюцца 2 дроны. Раней, каля 16:25, дрон праляцеў над Брагінам. Неўзабаве, у 18:05, канал «Рында маніторыць» паведаміў пра вылет аднаго БпЛА з Беларусі курсам на Чарнобыль.
Аказалася, што два дроны тады ўпалі ў Камарыне.
Паводле слоў мясцовых жыхароў, адзін з іх упаў недалёка ад АЗС і ўзарваўся ў сасонніку, а іншы рухнуў проста на прыватны дом, прабіў дах, але не ўзарваўся.
«Мясцовых жыхароў у вялікім радыусе адсялялі, ніяк не маглі размініраваць. І часта, як і раней, дроны гудуць над пасёлкам з разваротам на Кіеў альбо з пралётам на Брагін. Няма жыхарам спакою», — расказала крыніца.
Камарын знаходзіцца ў той самай «кішэні», праз якую пралягае маршрут расійскіх дронаў: знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, яны ўрываюцца ў Брагінскі раён Беларусі, рухаюцца транзітам і вылятаюць назад ва Украіну.