БЕЛ Ł РУС

Французскі парламент адмовіўся адпраўляць урад краіны ў адстаўку

16.10.2025 / 18:26

Nashaniva.com

Парламент Францыі не падтрымаў адразу два прапанаваныя вотумы недаверу ўраду, таму Себасцьен Лекарню застаецца прэм’ер-міністрам. Аднак, хоць ўрад Лекарню гэтым разам і ўтрымаўся, працаваць яму цяжка, бо ён не мае большасці ў Нацыянальнай асамблеі, піша Бі-бі-сі.

Себасцьен Лекарню. Фота: AP

16 кастрычніка Себасцьен Лекарню павінен быў прайсці два вотумы недаверу: адзін прапанавала правая партыя «Нацыянальнае аб’яднанне» пад кіраўніцтвам Марын Ле Пен, другі — радыкальны левы рух «Няскораная Францыя».

Найбольшая пагроза для ўрада ішла ад ультралевых, але яны нават з падтрымкай некаторых іншых апазіцыйных партый набралі толькі 271 голас замест неабходных 289. Партыя Ле Пен таксама не набрала дастаткова галасоў.

Рашэнне аб тым, каб не адпраўляць урад у адстаўку, часткова абумоўлена кампрамісамі Лекарню з апазіцыйнымі сацыялістамі. Але «Няскораная Францыя» незадаволеная тым, што сацыялісты падтрымалі ўрад, а таму плануе нават падаць прапанову аб імпічменце прэзідэнту Эмануэлю Макрону, хоць поспех гэтай ініцыятывы малаверагодны.

Пасля мінулагодніх выбараў ніводная французская партыя не мае большасці ў парламенте. За апошні год у Францыі адзін за адным падалі ў адстаўку тры прэм’еры. Першы ўрад Себасцьена Лекарню праіснаваў усяго 27 дзён, але прэзідэнт Макрон праз некалькі дзён пасля адстаўкі зноў прызначыў яго прэм’ерам. Лекарню сфармаваў склад другога ўрада і выступіў у парламенте, што часткова ўмацавала яго пазіцыі.

Цяпер галоўная задача Лекарню — дамагчыся зацвярджэння бюджэту Францыі на 2026 год. Ён таксама абвясціў пра адтэрміноўку павышэння пенсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў да прэзідэнцкіх выбараў 2027 года, што дапамагло атрымаць падтрымку сацыялістаў.

Аднак праца ўрада будзе цяжкой: кожнае рашэнне трэба праводзіць праз парламент, заключаючы часовыя саюзы з рознымі партыямі. У грамадстве адносіны да новага ўрада таксама супярэчлівыя: частка насельніцтва хоча стабільнасці, але давер да Лекарню застаецца нізкім.

Чытайце таксама:

Макрон прызначыў новым прэм'ерам Францыі міністра абароны

Прэм'ер Францыі падаў у адстаўку. Ён адпрацаваў менш за месяц

Макрон зноў прызначыў Лекарню прэм'ерам Францыі пасля чатырох дзён пасля адстаўкі

«Заблакуем усё»: у Францыі маштабныя пратэсты, амаль 200 затрыманых і транспартны калапс

Каментары да артыкула